Бітва за ўраджай: Лукашэнка ў верталёце, а Коля малоціць


23 гады на пасадзе прэзідэнта, але ўсё ж такі чалавек ад сахі. Не сапсаваны ўладаю кіраўнік з народу – асвяжыць у памяці беларусаў імідж Аляксандра Лукашэнкі, відаць, меўся ваяж па палях у мінулыя выходныя.

Кантроль за ўборачнай з паветра

Праца «нягледзячы на выходны дзень», як адзначылі ў інфармацыйным агенцтве «Белта», якое апублікавала відэа з борта верталёта Лукашэнкі напярэдадні.

Сельскагаспадарчую рамантыку з кіраўніком Беларусі ў галоўнай ролі рэгулярна транслююць дзяржаўныя тэлеканалы.

«Гэта вяртанне да чагосьці глыбіннага, спрадвечнага, гэта хлеб, тое, што ў савецкія часы вучылі, што хлеб нельга выкідаць, хлеб усяму галава, гэта нейкія такія рэчы, як бацькі, сонца, хлеб… Нейкія святыя, да якіх не дачэпішся. І ён, Аляксандр Лукашэнка, спрабуе менавіта згуляць на гэтых спрадвечных ідэалагемах», – тлумачыць палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

У гэтую канцэпцыю ўдала ўпісваецца вышымайка

Яе ўжо не першы раз апранае кіраўнік краіны, – сімвал беларускасці, да якога ўлады ў свой час ставіліся ў найлепшым выпадку прахалодна, у горшым варожа. З часам жа афіцыйныя ідэолагі ўдала перахапілі вышыванкавую ініцыятыву на сваю карысць.

«Біцца ж за ўраджай» вострай эканамічнай патрэбы няма: замест 10 мільёнаў тонаў збожжа хапіла б 6-8.

Хлеб неадрыўны ад ідэалогіі

Пакуль бацька гаспадарскім вокам аглядае палі Шклоўшчыны, за стырном камбайна – сын Коля. На здымку, які даслалі ў рэдакцыю «Камсамольскай праўды», Коля Лукашэнка адзін і быццам бы без аховы едзе з Магілёва ў Шклоў. Незалежныя эксперты адзначаюць, што гэты нібыта выпадковы здымак мае паказаць стыль выхавання ў сямʼі Лукашэнкаў – просты, без прывілеяў. Але не толькі.

«Тут ідзе гэты спектакль ужо не на імідж Аляксандра Лукашэнкі, а на імідж канкрэтна Колі, Мікалая Лукашэнкі. Паколькі тут разыгрываецца такая сцэна, што ён самастойны чалавек і можа дазволіць сабе нейкія ўчынкі. Для чаго, каму гэта разыгрываецца?», – рытарычнае пытане спадар Цыганкоў.

Да Колі?

Версію пра тое, што 12-гадовы Коля можа стаць пераемнікам улады бацькі, эксперты ўсцяж ставяць пад пытанне. Але з цягам часу яна падаецца ўсё менш фантастычнай: хлопец падрастае і ў інфармацыйнай прасторы толькі замацоўваецца.

Таццяна Рэут, «Белсат»