Без шанцаў на кампраміс. Што адбываецца ў Ерэване?


Яшчэ ўчора ўвечары падавалася, што ў супрацьстаянні пратэстоўцаў і ўладаў у Ерэване надышоў пералом. Прэзідэнт Арменіі Армэн Саркісян выйшаў на перамовы з дэманстрантамі, а яго папярэднік і адначасова галоўны вінавайца пратэстаў, прызначаны мясцовым парламентам прэм’ер-міністрам Серж Саргсян пагадзіўся на перамовы з лідарам пратэставага руху дэпутатам Ніколам Пашынянам. І адразу заявіў свайму апаненту.

«Гэта не перамовы, не дыялог, а звычайны шантаж законнае ўлады. Вы не разумееце памеру адказнасці. Калі вы працягнеце размаўляць такім чынам, я магу толькі параіць вярнуцца да прадугледжаных законам дзеянняў. У іншым выпадку ўся адказнасць ляжа на вашыя плечы», – заявіў прэмʼер-міністр Серж Саргсян.

«Ніхто ня мае права размаўляць моваю пагрозаў. Вы не разумееце сітуацыю ў краіне. Яна ўжо ня тая, што была 10-15 дзён таму. Усё змянілася і ў вас няма такой улады, якой вы пагражаеце. Улада ў Арменіі – у руках народу», – адказаў Саргсяну апазіцыйны лідар Нікола Пашыньян.

Гэтая сустрэча працягвалася тры хвіліны. Улады заявілі, што патрабаванні апазіцыі, што мае каля 7 % месцаў у парламенце няма сэнсу нават разглядаць. На меркаванне ж мясцовых адмыслоўцаў на самой справе ні адзін бок ня быў гатовы да кампрамісу.

«Патрабаванні былі адстаўка ўраду, выбары новага ўраду адразу на плошчы. А затым змена канстытуцыі, новыя выбары і гэтак далей. Усё гэта не асабліва прадбачвае кампраміс. Улады ж наадварот – дэманстравалі, што гатовыя размаўляць, прыходзіў на плошчу прэзідэнт, былі гэтак званыя перамовы. Але гэта таксама сцвярджэнне такое, маўляў мы харошыя, але і полю для кампрамісу не было», – мяркуе палітолаг Аляксандр Іскандаран.

Ужо сёння раніцаю Нікола Пашынян быў затрыманы разам з іншым дэпутатам мясцовага парламенту Сасунам Мікаелянам падчас шэсця ў цэнтры Ерэвану. Прычыны незадаволення людзей мала чым адрозніваюцца ад тых, што выводзяць на вуліцы беларусаў, кажа адмыслоўца.

«Серж Саргсян спачатку два тэрміны быў прэзідэнтам, а цяпер яго абралі прэмʼерам і цяпер будзе кіраваць краінай на новай пасадзе. То бок доўгае знаходжанне ўва ўладзе адной асобы, вось, што раздражняе армянскае грамадства. Дарэчы гэта раздражняе і беларускае грамадства», – адзначае палітолаг Валер Карбалевіч.

Праўда ў беларускай гісторыі яшчэ не бывала такога, каб кіраўнік краіны выйшаў на перамовы з абуранымі грамадзянамі.

«Паводле афіцыйнай ідэалагічнай канцэпцыі, у Беларусі ўвесь народ падтрымлівае дзейную ўладу, увесь народ падтрымлівае прэзідэнта, апазіцыі ўвогуле няма, ёсць толькі кучка адмарозкаў, што існуюць за кошт заходніх грошай. А таму няма з кім размаўляць», – кажа Карбалевіч.

Цяпер, калі лідары армянскага пратэстнага руху за кратамі, можа апынуцца, што няма з кім размаўляць і армянскім уладам. А калі няма волі да дыялогу, надыходзіць чарга на ўжыванне сілы.

Толькі сёння на момант стварэння матэрыялу былі затрыманыя 200 асобаў, што праўда ніколькі не прыпыніла пратэстаў

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»