Легалізацыя крыптавалютаў, вызваленне ад падатку на дададзеную вартасць для будучых рэзідэнтаў ды стварэнне такога клімату, які падштурхне сусветныя IT-кампаніі прыходзіць у Беларусь. Лукашэнка падпісаў дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі».
«Для таго, каб бізнес-інвестар прыйшоў сюды ў галіну IT, яму дастаткова купіць 50 кампутараў, зняць паверх у бізнес-цэнтры і наняць персанал. Таму чакаць нейкага выбуху інвестыцыйнага чакаць, хутчэй за ўсё, не варта. Але дзякуючы гэтым ільготам сюды прыйдуць вялікія бізнесы», – прагназуе Антон Раднякоў, дырэктар Цэнтру новых ідэяў.
Ужо ў бліжэйшай будучыні «Гугл», «Майкрасофт» ды іншыя буйныя IT-кампаніі могуць адкрыць свае офісы ў Беларусі. Паводле папярэдніх ацэнак, пасля прыняцця дэкрэту і да 2030-га года лічба занятых у гэтай галіне вырасце ажно да 100 тысячаў чалавек, то бок больш як утрая. Што ж да колькасці працоўных месцаў у Парку высокіх тэхналогіяў, то сёння яна не такая ўжо і вялікая.
«Гэта 1 % ад усіх працоўных у краіне. Гэта прыблізна такая ж колькасць, як на «Белтэлекаме». І яна наўрад ці будзе ўзрастаць, бо дэкрэт разлічаны ў першую чаргу на пошук інвестыцыяў, а ўжо толькі потым на павелічэнне працоўных месцаў», – мяркуе праграміст і IT-эксперт Сяргей Чарнавокі.
Восенню Лукашэнка падпісаў шэраг новых указаў разам з дэкрэтам № 7 – «Аб развіцці прадпрымальніцтва».
«Дастаткова, як я ўжо казаў, падаць адзінае паведамленне ў выканкам – усё, на наступны дзень можна распачынаць працу. Калі гэта не так, тут ёсць губернатары і ўвесь урад. Устаньце і скажыце, што гэта не так», – прапанаваў кіраўнік Беларусі.
Тым, хто не трапіў на спатканне, кіраўнік краіны параіў ісці на выбары ды там весці дыялог. Сярод незапрошаных гасцей – і лідар «Перспектывы» Анатоль Шумчанка, які лічыць, што грамадскую арганізацыю папросту запісалі ў палітыку.
Гэтак, дэкрэт № 7 мусіць спрасціць умовы вядзення бізнесу – у першую чаргу значна знізіць колькасць патрабаванняў ад правяральных службаў, адмяніць узгадненне часу працы гандлёвых аб’ектаў з чыноўнікамі ды іншыя.
Аднак дамаўляцца з іпэшнікамі ўлады гэтак і не навучыліся – па-ранейшаму не скасаваны ўказ № 222 пра абавязковую сертыфікацыю тавараў, які амаль два гады таму прывёў да масавых пратэстаў прадпрымальнікаў па ўсёй Беларусі.
Усё часцей мясцовыя ўлады ў рэгіёнах ціснуць на іпэшнікаў ды выганяюць іх з цэнтру на ўскрайкі, як у Барысаве, пра што «Белсат» днямі распавядаў. І хоць найвышэйшае кіраўніцтва сёння заяўляе, што малы і сярэдні бізнес – важны складнік устойлівага развіцця эканомікі, колькасць прадпрымальнікаў скарачаецца амаль штомесяц: толькі з пачатку года сваю дзейнасць спынілі 28 тысячаў ІП і 7 тысячаў юрыдычных асобаў.
Віталь Бабін, «Белсат», фота: Alexander Demianchuk / TASS / Forum