Беспрацоўных адправяць да алкаголікаў

Дармаедаў у Беларусі больш няма. Ёсць – «працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы» і «працаздольныя непрацоўныя грамадзяне». Менавіта яны і будуць аплочваць датаваныя дзяржавай паслугі паводле эканамічна абгрунтаваных тарыфаў ужо з 1 студзеня наступнага года. Праўда, поўнага пераліку гэтых паслугаў і санкцыяў за іх нявыплату пакуль ніхто гэтак і не назваў.

«Усе грамадзяне, якія трапяць у базу звестак, яны будуць паінфармаваныя аб тым, што яны ў гэтай базе звестак знаходзяцца», – зазначыў першы намеснік міністра працы Андрэй Лабовіч.

Пастанова Савету Міністраў № 240 прадугледжвае таксама стварэнне рэгіянальных камісіяў, якія могуць вызваляць ад аплаты, выдаваць накіраванні ў цэнтры занятасці ці накіроўваць беспрацоўных у лячэбна-працоўныя прафілакторыі.

Абскарджваць рашэнні нельга

Студэнты і людзі, якія працуюць за мяжою, таксама абавязаныя звярнуцца ў адмысловыя камісіі, каб пацвердзіць свой статус. Інакш іх таксама будуць лічыць «эканамічна не занятымі». Але ж забяспечыць людзей годнай працай ды матывацыяй, каб тыя не з’язджалі, дэкрэт № 1 пакуль дакладна не здольны.

«Эканамічная абгрунтаванасць тады, калі палічана, што людзі будуць уладкаваныя на працу, будзе годны заробак, будуць адлічэнні ў ФСЗН, адлічэнні на падаткі і сямʼя будзе добра працаваць. У дэкрэце гэтага няма! Таму ён эканамічна не абгрунтаваны, ён больш ідэалагічна-палітычны», – тлумачыць старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч.

А калі эканамічнай абгрунтаванасці няма, то навошта нам дэкрэт?

«У нашай краіне ўсё магчыма, таму я не выключаю ніводнага варыянта. Можа, гэта будзе барацьба з нязгоднымі, можа, такім чынам улада будзе весці барацьбу са сваймі апанентамі, у тым ліку палітычнымі«, – мяркуе праваабаронца Леанід Судаленка.

Між тым пералік тых, хто вызвалены ад праблемаў з дзяржаваю, даволі вялікі. Занятымі ў эканоміцы будуць лічыць сярод іншага беспрацоўных, якія зарэгістраваныя або праходзяць перанавучанне ў цэнтрах занятасці. Таксама ў спіс недармаедаў, паводле першага дэкрэту, патрапляюць спартоўцы, святары, студэнты, індывідуальныя прадпрымальнікі і тыя, хто сплочвае адзіны падатак.

Каго назавуць «не занятымі ў эканоміцы»?

Дармаедамі будуць лічыць звольненых беларусаў, якія не знайшлі працы ў наступным пасля звальнення квартале. У выпадку ж скарачэння ці сканчэння кантракту на пошук новай працы адводзіцца 6 месяцаў. Выпускнікам-студэнтам дзённай формы дадуць час да канца каляндарнага года, у якім тыя атрымалі дыплом. Спіс «не занятых у эканоміцы» будуць абнаўляць кожны квартал.

Паводле прагнозаў Міністэрства працы, пад дзеянне дэкрэту могуць трапіць каля 250 000 беларусаў.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»

Глядзі таксама