«Белсат» судзілі 22 разы за 3 месяцы


З незаконнай просьбы «выключыце, калі ласка, камеры» ў судзе Фрунзенскага раёну Менску пачаўся разгляд адміністратыўнай справы супраць журналісткі «Белсату» Вольгі Чайчыц.

Гэтак жа, рашэннем, якое супярэчыць Канстытуцыі, паседжанне скончылася. Суддзя Андрэй Млечка пастанавіў пакараць журналістку штрафам Br 735. Артыкул ужо традыцыйны – нібыта незаконны выраб прадукцыі медыяў.

Сённяшні суд для Вольгі Чайчыц ужо чацвёрты з пачатку года

Гэтым разам падстава – матэрыял, які выйшаў на «Белсаце» напрыканцы лютага.

Тады жыхары дамоў на вуліцы Якубоўскага, інваліды па зроку выказалі свой пратэст супраць будаўніцтва 16-павярховага дому на месцы, дзе яны звычайна адпачываюць.

Некалькі герояў сюжэту, якія змагаюцца супраць знішчэння безбар’ернага асяроддзя, прыйшлі падтрымаць Вольгу ў судзе.

«Калі б не гэты сюжэт, нас ніхто б не пачуў. Зараз хоць неяк пачынаюць нас слухаць, пачынаюць даваць нейкія адказы. Няхай пустыя, але ідуць адказы. А так па месяцу чакалі на адказы», – дзеліцца мясцовая жыхарка Надзея Скуратава.

Праз месяц тэму падхапіла і дзяржаўнае тэлебачанне

Аднак судзіць працаўнікоў праўладных медыяў не спяшаюцца. Можа, таму, што яны пакінулі па-за ўвагаю важныя дэталі, якія прагучалі ў матэрыяле Вольгі Чайчыц.

«Дазвол на будаўніцтва выдадзены ўказам Аляксандра Лукашэнкі. Забудоўнік – «Завод эфектыўных прамысловых канструкцыяў», дырэктар якога – родны брат хакеіста Вадзіма Салея, які граў у камандзе кіраўніка Беларусі«, – распавяла тады Воля ў сваім матэрыяле.

З пачатку года адбыліся ўжо 22 судовыя працэсы над белсатаўцамі

Такую статыстыку прыводзіць Беларуская асацыяцыя журналістаў.

«Улада не хоча вырашаць рэальныя праблемы, не хоча вырашаць праблемы сацыяльныя, якія хвалююць грамадства, якія наспелі, а змагаецца з тымі журналістамі, якія асвятляюць гэтыя праблемы. Гэта відавочны наступ на свабоду слова, відавочны наступ на канстытуцыйныя правы людзей, таму што любы чалавек, паводле беларускай Канстытуцыі, мае права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю», – даводзіць Барыс Гарэцкі, прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Сёлетні пераслед супрацоўнікаў «Белсату» зрабіўся працягам беспрэцэдэнтнага леташняга. У мінулым годзе над нашымі журналістамі адбыліся больш як 60 судовых працэсаў.

Лола Бурыева, «Белсат»