Беларускія біятланісты паказалі найлепшы вынік за сезон у Нямеччыне


Біятлон

Пяты этап Кубка свету па біятлоне ў нямецкім Рупальдынгу працягнуўся сёння мужчынскаю эстафетнай гонкай, у якой беларусы традыцыйна даганялі, а ўрэшце і замыкалі. Нашая каманда была прадстаўленая Максімам Вараб’ём, Раманам Ялетнавым, Антонам Смольскім і Дзмітрыем Абашавым.

Беларусы скарысталіся 13-цю дадатковымі патронамі, абышліся без штрафных колаў і фінішавалі на 16-ым радку, і гэта наш найлепшы вынік у сезоне. Агулам у гонцы стартавала 26 камандаў, а наш квартэт адстаў ад пераможцаў на 3 хвіліны і 38 секундаў. Не было роўных у сённяшняй эстафеце Нарвегіі, якая ў складзе Лярса Біркелянда, Тар’ей Бё, Эміля Свэнсэна і Ёганэса Бё заваявала золата пры сямі дадатковых патронах. Срэбра ў французаў, якія адсталі ад трыумфатараў амаль на 30 секундаў, замкнулі тройку наймацнейшых расяяне, фінішаваўшы праз 53 секунды пасля нарвежцаў. Пяты этап працягнецца заўтра эстафетнай гонкаю сярод прыгожай паловы, пачатак а 16-ай 30.

Хакей

Менскае «Юнацтва» з перамогі стартавала ў суперфінальнай серыі хакейнага Кантынентальнага кубка. На лёдзе «Чыжоўка-Арэны» каманда Міхаіла Захарава была мацнейшаю за італьянскі клуб «РЫтэн Спорт»

Футбол

Як у вядомай песні групы «Чайф», але ўжо з іншымі калектывамі, скончыўся на «Кам Ноў» матч у адказ 1/8 фіналу Кубка Іспаніі па футболе. У выніку «Барсэлона» – «Сэльта» – 5:0. У першай сустрэчы амаль рэзервовым складам «сіне-гранатавыя» разышліся мірам 1:1.

Гандбол

Нацыянальная мужчынская зборная Беларусі ўзяла старт на 13-ым чэмпіянаце Еўропы па гандболе, які праходзіць на пляцоўках Харватыі. Сёння нашая дружына гуляе свой стартавы і практычна лёсавызначальны двубой першага групавога этапу супраць аўстрыйцаў у горадзе Порэч на пляцоўцы, якая змяшчае 3,5 тысячы гледачоў. Акрамя гэтага супрацьстаяння ў нашым квартэце Б крыху пазней сыдуцца міжсобку яго лідары, гандбалісты Францыі і Нарвегіі.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: Andrei Ivanov / TASS