Аб'ектыў 29.03.2018 Беларускае малако пацячэ ў В’етнам?


«Рассельгаснагляд» уводзіць новыя забароны на харчы з Беларусі. Ад заўтра ў Расею нельга ўвозіць пекінскую капусту з беларускай маркіроўкай – бо знайшлі польскае паходжанне адной партыі. Раней пад поўную забарону ледзь не трапіла беларуская малочная прадукцыя, але пасля перамоваў Рассельгаснагляд пагадзіўся даслаць у Беларусь інспекцыю.

Цяпер Рассельгаснагляд кажа пра махлярствы

Нібыта прадпрыемства «Мсціслаўмалако» пад гандлёвай маркай «Бабуліна крынка» пастаўляла ў Расею масла і сухое малако, не маючы ўласнага абсталявання для вытворчасці.

«Адкуль у яго сухое малако, прыехала з Польшчы пад выглядам цэментнай сумесі? Я вам магу сказаць, што сёння падазрэнні вельмі сур’ёзныя. І з тым дэмпінгам на сухое малако з Беларусі я не веру, што гэта беларускае малако», – заявіў кіраўнік “Рассельгаснагляду” Сяргей Данкверт.

У Маскве лічаць, што Беларусь пастаўляе ў Расею малочныя харчы з Еўразвязу – якія Масква забараніла з палітычных прычынаў, а таксама фальсіфікуе прадукцыю, дадае раслінныя тлушчы і падрабляе сертыфікаты. Малочную вайну фальсіфікатарам абвесціў напярэдадні міністр сельскай гаспадаркі Расеі.

«Барацьба з фальсіфікатам, з шэрымі схемамі, рээкспартам, з сырным прадуктам, які завозяць да нас сотнямі тысяч тонаў, мусіць быць на першым месцы. Гэта нашая лінія фронту, тут мы мусім біцца да апошняга патрона. За намі Масква, за намі краіна, за намі сяляне, фермеры»,– зазначыў Аляксандр Ткачоў.

«Чыя б карова мычала» – кажуць у Менску

Як піша «СБ.Беларусь сегодня», гэта расейскія вытворцы робяць падробкі пад беларускую прадукцыю, бо пакупнікі ёй давяраюць. У Інтэрнэце з гэтых нагодаў узгадалі эксперымент расейскага парталу «Фантанка». Журналістка хацела нагрэць тварог расейскай вытворчасці, а ён загарэўся і стаў чадзіць, як пластык.

Беларусь хімію не падмешвае, толькі купляе малако на забароненым для Расеі Захадзе, а перапрацоўваючы – прадае на Ўсход. Яшчэ адна прычына «малочных войнаў» – Расея абараняе сваіх вытворцаў. Хоць гэта і супярэчыць Мытнаму кодэксу Еўразійскага эканамічнага саюзу.

«З прававога пункту гледжання Расея не мае права адпаведна заканадаўству ЕАЭС агулам забараніць экспарт беларускай малочнай прадукцыі ў Расею. Могуць быць забароны пэўных партыяў, калі яны не адпавядаюць стандартам якасці. Гэтым займаецца Рассельгаснагляд»,– тлумачыць палітолаг Андрэй Елісееў.

Беларускія заводы нясуць страты і губляюць вартасць.

Адмовіцца ад расейскага рынку мы пакуль не можам. Бо ў Беларусі – планавая эканоміка савецкага тыпу, і мала гнуткіх прыватных вытворцаў.

«Каб знайсці рынак на 2 мільярды долараў у малочнай сферы, пры вельмі жорсткай канкурэнцыі на рынку Еўразвязу, трэба працаваць вельмі-вельмі доўга. Беларусі трэба атрымаць статус краіны з рынкавай эканомікай – мы яго не маем, трэба 2-3 гады адаптацыі. Трэба быць сябрам Сусветнай арганізацыі гандлю – у нас таксама няма», – даводзіць эканаміст Яраслаў Раманчук.

На еўрапейскім рынку жорсткая сістэма сертыфікацыі, не кожны беларускі завод можа туды ўвайсці.

«У Беларусі 8 прадпрыемстваў, якія маюць дазвол экспартаваць малочныя прадукты падвойнай пастэрызацыі, і з такім жа дазволам яна можа экспартаваць сухое малако»,– кажа Анка Пэдурару, аддзел бяспекі харчавання Еўракамісіі.

Застаецца ківаць на Азію. Сёння Уладзімір Сямашка, наведваючы Вʼетнам, заявіў, што там зацікаўленыя ў пастаўках малочнай прадукцыі з Беларусі. Праўда, далекавата.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары