Беларусь раскашэліцца на новую зброю Расеі


Расейская Федэрацыя цягам года паставіць у Беларусь чатыры вучэбна-баявыя самалёты Як-130, а таксама батарэю зенітных ракетных комплексаў ТОР-М2.

Для Беларусі гэта не проста папаўненне арсеналу

Міністр абароны Андрэй Раўкоў паведаміў, што Беларусь ужо нават заплаціла аванс па падпісаных раней кантрактах. Адпаведна, да канца 2018 года ў Беларускіх узброеных сілах будзе цалкам сфармаваная эскадрылля самалётаў Як-130.

«Каштоўнасць гэтых самалётаў у тым, што яны спалучаюць у сабе якасці баявых самалётаў і вучэбных. Апроч таго, у іх праграмавальная сістэма кіравання. Яны могуць мадэляваць любы тып сучасных самалётаў», – тлумачыць вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

Агульны кошт імпарту можа скласці каля $ 85 мільёнаў. 60 – за чатыры самалёты і каля 25 – за батарэю Тор-М2. Аднак зенітныя ракетныя комплексы расейскай вытворчасці базуюцца на шасі Менскага заводу колавых цягачоў, таму кошт для Беларусі можа быць і меншы.

«Беларускі бок праводзіць сваю ваенную палітыку прыблізна ў такім рэчышчы. Максімальна атрымаць дапамогі ў ваенна-палітычным сэнсе ад Расеі, каб самім не траціцца на новае ўзбраенне і гэтак далей. І пры гэтым імкнуцца захоўваць ад той жа самай Расеі максімальную ваенна-палітычную незалежнасць», – распавядае палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Штосьці купілі, штосьці прадалі

Што важна, пастаўкі расейскага ўзбраення не толькі абнаўляюць арсенал Узброеных Сілаў Беларусі, але і адкрываюць для нас экспартныя магчымасці. На меркаванне экспертаў, пасля атрымання ад Расеі комплексаў Тор-М2 Беларусь зможа прадаць Сербіі два дывізіёны зенітных ракетных комплексаў «Бук», пра што яшчэ раней было дамоўлена з сербскімі ўладамі.

«Тор-2М – гэта комплекс бліжняга радыусу дзеяння. Ён прызначаны для аховы бліжніх падыходаў да аб’ектаў і для абароны ад высокадакладнай зброі: гэта і крылатыя ракеты, і высокадакладныя плануючыя бомбы, то бок ахова на апошнім рубяжы», – зазначыў спадар Алесін.

Саюзная дзяржава, але не кошты

Беларусь атрымлівае расейскае ўзбраенне па рынкавых коштах, хоць і ўдзельнічае ў расейскіх інтэграцыйных утварэннях. Беларускае ваеннае кіраўніцтва апошнім часам неаднаразова спрабавала атрымаць прэферэнцыі ад Расеі на імпарт зброі, аднак безвынікова.

Па-ранейшаму, няма ніякіх юрыдычных і фармальных падстаў лічыць, што Беларусь неяк адмаўляецца ад ваенна-палітычнага супрацоўніцтва, адмаўляецца быць ваенным саюзнікам Расеі. Абапіраючыся на гэтую фармальнасць, беларускае кіраўніцтва патрабуе ставіцца да сябе як да саюзніка, і кажа, што яна выконвае ўсе патрабаванні, забяспечвае абарону Расеі на заходнім кірунку», – звяртае ўвагу Віталь Цыганкоў.

Меркаванне Расеі ў гэтым пытанні ўжо зусім іншае

Усходняя суседка імкнецца абараняць свае заходнія межы ды не бачыць патрэбы ў спансараванні вайсковых патрэбаў суседа. Для ўладаў Беларусі гэта новы выклік не толькі ў вайсковай, але і ў палітычнай ды эканамічнай сферах.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат», фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum