Аб'ектыў 27.12.2017 Беларус кіруе джыхадам у Сірыі


Пра смерць беларуса-маджахеда паведамілі баевікі з сірыйскага гораду Ідліб, што ваююць і супраць лаяльных Башару аль-Асаду войскаў, і супраць рэшткаў самаабвешчанай «Ісламскай дзяржавы». На фота ён падпісаны як Абу Сафія. У шэрагах гэтак званай «Мальхама Тэктыкал» застаецца яшчэ адзін беларус – Абу Салман, які цяпер і кіруе ўнікальнай арганізацыяй.

«Тут абʼядноўваецца ісламскі фундаменталізм з такою прыватызацыяй вайны ў Сірыі, гэта значыць, задзеяны не толькі ідэйны элемент, але і фінансавы. І гэта вельмі небяспечнае абʼяднанне», – даводзіць рэдактар InformNapalm Дзяніс Івашын.

«Мальхама Тэктыкал» кіраваў выхадзец з Узбекістану Абу Рафік

У адрозненне ад большасці іншых ісламістаў, ён выкарыстоўваў сацыяльныя сеткі не для набору новых тэрарыстаў. Рафік тлумачыў прынцыпы вядзення вулічнага бою, першай медычнай дапамогі. Прыватныя маджахеды збіралі грошы на сваю дзейнасць праз інтэрнэт і прапаноўвалі свае паслугі антыасадаўскім сілам. У групоўку ўваходзяць шэраг былых вайсковаслужбоўцаў з постсавецкіх краінаў. На гэтым відэа можа быць акурат Абу Салман: журналіст, які захапляецца баявымі навыкамі байца, сцвярджае, што той служыў у элітнай расейскай дэсантнай частцы.

«Вядома, ход вайны трохі змяніўся, але нам усё адно, супраць каго ваяваць: Расея, Іран, шыіты з Пакістану і Афганістану. Мы прыехалі сюды, каб абараніць слабых жанчын і дзяцей ды дапамагчы народу, які зрабіў свой выбар і ўзняўся супраць тыраніі», – заявілі ў Мальхама Тэктыкал.

Арганізацыя брала ўдзел у абароне Алепа ад сілаў Асада

Яны таксама вербавалі байцоў – менавіта жаўнераў, а не смяротнікаў, абяцаючы ім, цытата, сяброўскую атмасферу ды адзін выходны на тыдзень. Абу Рафік загінуў у лютым разам са сваёй цяжарнаю жонкаю ў авіяўдары расейскіх сілаў у Сірыі. Пасля ягонай смерці адзін з байцоў групоўкі заявіў пра перапрафіляванне арганізацыі.

«Цяпер жа нашая галоўная мэта і заданне – прыпыніць умяшальніцтва Расеі ва ўнутраныя справы іншых краінаў. Бо яе агрэсія расце, і гэта трэба спыніць. У глабальных планах арганізацыі маім заданнем было ўстанавіць магутнае выбуховае прыстасаванне ў мірным месцы Расеі», – пагражаў Мальхама Тэктыкал.

Далей за гучныя заявы справа не зайшла

Шэраг каментатараў называюць Рафіка ды ягоных прыхільнікаў канапавымі маджахедамі і ставяць пад сумнеў іхны ўдзел у рэальных баявых дзеяннях. Тым не менш у Сірыі і сёння ваююць тысячы постсавецкіх маджахедаў.

«На гэты момант у Сірыі налічваюцца прыблізна 4 700 чалавек – выхадцаў з постсавецкіх краінаў. Гэта перш за ўсё рэгіён цэнтральнай Азіі, ну і тое, што цяпер называюць Эмірат Каўказ – рэспублікі паўночнага Каўказу Расейскай Федэрацыі»,– дзеліцца Дзяніс Івашын.

Беларусаў жа, дый нават расейцаў з некаўказскіх рэспублік у шэрагах такіх груповак налічваюць адзінкі, упэўнены эксперт. Улічваючы, што такія людзі шукаюць заробку на вайне, той жа Данбас для іх нашмат бліжэй, дый больш бяспечны. Мяркуюць, што толькі на баку прарасейскіх ДНР і ЛНР ваююць не менш за 500 нашых суграмадзянаў.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары