Беларусь хавае інфармацыю пра абаронную супрацу з Індыяй


Кіраўніка Беларусі ў Нью-Дэлі сустракалі ўрачыста – салютам і конным эскортам. На сустрэчах з кіраўніцтвам Індыі Лукашэнка заклікаў да новага ўзроўню беларуска-індыйскіх стасункаў. У сэнсе грошай. Узамен на поўнае паразуменне і падтрымку на міжнароднай арэне.

У выніку перамоваў Менск і Нью-Дэлі падпісалі 10 дакументаў

З іх 6 мемарандумаў аб паразуменні – у галінах адукацыі, навукі, культуры, сельскай гаспадаркі і нафтагазавай прамысловасці. А таксама аб павелічэнні паставак калійных угнаенняў – з Салігорску. Лукашэнка заклікаў пабудаваць Вялікую Індыю, як новы глабальны полюс. А дзеля гэтага спачатку пабудаваць у Беларусі навукова-тэхналагічны індустрыйны парк.

«Вялікая Індыя немагчымая без вашай прысутнасці на той тэрыторыі, дзе месціцца Беларусь – між Еўразійскім эканамічным саюзам і Еўрапейскім Саюзам. Мы гатовыя прадставіць вам найвыгаднейшыя і самыя ільготныя ўмовы функцыянавання вашага бізнесу ў выпадку інвеставання ў Беларусь. Такі досвед з іншымі краінамі мы маем», – зазначыў Аляксандр Лукашэнка.

Сапраўды, пад Смалявічамі ўжо ёсць кітайска-беларускі парк

«Інвестарам з Кітаю прапанавалі столькі ільготаў, што калі столькі ж ільготаў дадуць індыйскім інвестарам, то не зусім ясна, ці застанецца штосьці на тэрыторыі краіны, што прыносіць прыбытак бюджэту», – зазначыў эканаміст Леанід Фрыдкін.

Індыя – аграмадны рынак з вялікімі перспектывамі, але інвестыцыйную палітыку яна вядзе не так актыўна, як Кітай.

«Я не ўпэўнены, што індыйскіх інвестараў можна будзе гэтым спакусіць, яны больш арыентаваныя на свой унутраны рынак. Тым больш, пасля падатковай рэформы, якая пачалася ў ліпені, у іх адкрыліся новыя магчымасці», – дадаў Фрыдкін.

Індыя будзе развіваць і дыверсіфікаваць эканамічныя сувязі з Беларуссю

Пра гэта паведаміў прэмʼер-міністр Нарэндра Модзі. Асноўныя накірункі – фармацэўтыка, нафта і газ, цяжкая прамысловасць. Грошай таксама дадуць.

Аднак наступная заява Модзі цалкам знікла з беларускіх дзяржаўных медыяў.

«Мы будзем падтрымліваць сумесныя распрацоўванне і вытворчасць у абаронным сектары ў межах праграмы «Зроблена ў Індыі», – падзяліўся прэмʼер-міністр Індыі.

Па-першае, у абаронным сектары Індыя актыўна супрацоўнічае з беларускім канкурэнтам – Расеяй. Па-другое, Беларусь выкарыстоўвае ў сваёй «абаронцы» дапамогу Кітая. А Кітай – рэгіянальны супернік Індыі, здараліся нават памежныя ўзброеныя канфлікты. Наўрад ці Маскве ці Пекіну спадабаецца беларускае ўзбраенне з індыйскімі назвамі. Адсюль і сакрэтнасць.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: B Mathur / Reuters / Forum