Аб'ектыў 08.09.2017 «Авечак трэба стрыгчы, каб не зарасталі». У Менску арыштавалі шасцёх бізнесоўцаў


Ані высокае становішча, ані вялікія капіталы не дапамаглі пазбегнуць арышту. Следчы камітэт распачаў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні бізнесоўца Юрыя Авярʼянава. За кратамі апынуліся адразу некалькі ягоных паплечнікаў.

«Большасць раней арыштаваных бізнесоўцаў выступаюць у ролі авечак, якіх перыядычна трэба стрыгчы, каб яны моцна не зарасталі», – мяркуе эканаміст Леў Марголін.

Пра арышты Следчы камітэт паведаміў напярэдадні

Абвінавачаных падазраюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў.

«Пад варту заключаныя шэсць асобаў. У тым ліку дырэктар ЗАТ« Гандлёвы свет – «Кальцо» і кіраўнік ТАА «Парк забаваў Дрымлэнд», кіраўнік «Madison Royal Club» і іншыя асобы. Праводзіцца расследаванне», – зазначыла прадстаўніца Следчага камітэту Юлія Ганчарова.

У падобную сітуацыю Юрый Авярʼянаў, першаадкрывальнік найбуйнейшых рынкаў і забаўляльных установаў у Менску, трапіў 15 гадоў таму. Тады яго і топ-менеджараў аўтарынку ў Малінаўцы абвінавацілі ў вымагальніцтве і ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. У выніку Авярʼянаў зʼехаў з Беларусі. Але праз два гады вярнуўся і зноў пачаў займацца бізнесам. Цяпер, калі сітуацыя паўтарылася, ён зноў зʼехаў з краіны.

«Дастаць чалавека праз мяжу не складана. Іншыя справа – наколькі абгрунтаваныя да яго прэтэнзіі. Калі ёсць доказы аб яго супрацьпраўнай дзейнасці і нясплаце падаткаў, то Аверʼянава з вялікай доляй верагоднасці выдадуць Беларусі», – кажа Марголін.

Вядучыя бізнесоўцы за кратамі – справа для Беларусі не новая

На пачатку гэтага года сілавікі затрымалі заснавальніка групы кампаніяў «Сармат-СТІ» Аляксандра Кныровіча, які, дарэчы, незадоўга да арышту каментаваў «Белсату» магчымы кошт новай рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. А ў красавіку за кратамі апынуўся аўтамабільны магнат Віталь Арбузаў – яго падазраюць у нявыплаце падаткаў на буйную суму.

Каментуючы гучныя затрыманні бізнесоўцаў, Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што недатыкальных у краіне няма, а таму цяперашнія затрыманні, лічыць эканаміст Леў Марголін, наўрад ці будуць апошнімі.

Віталь Бабін, «Белсат», фота: Дзмітрый Брушко / TUT.BY

Глядзі таксама
Каментары