Аўтары «Рэгнуму» возьмуцца за старое


Больш як год у турме не змяніў пазіцыі публіцыстаў агенцтва «Рэгнум».

«Я не збіраюся хаваць свае погляды і далей», – кажа адзін з фігурантаў справы Сяргей Шыпценка. Ён заявіў, што не мае намеру спыняць супрацу з расейскімі выданнямі.

«Я прынцыпова свайго стаўлення не змяніў. А што датычыць дыялогу, то я думаю, што яго з турэмнай клеткі весці вельмі складана. І гэта не такая пляцоўка, дзе трэба абменьвацца меркаваннямі», – дзеліцца асуджаны.

Свой дыялог трое грамадзянаў Беларусі будуць весці на свабодзе

Прынамсі пакуль Менскі гарадскі суд асудзіў Дзмітрыя Алімкіна, Сяргея Шыпценку і Юрыя Паўлаўца на 5 гадоў пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем на тры гады. Іх прызналі вінаватымі ў распальванні міжнацыянальнай варожасці.

Падчас судовага паседжання з Шыпценкі і Паўлаўца знялі абвінавачванні ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Хоць апошні прызнаў, што атрымліваў грошы за публікацыі ў расейскай амбасадзе.

На волі публіцыстаў сустракалі аднадумцы.

«Яны сапраўды абаранялі інтарэсы свайго народа. Нагадваючы дзяржаве, што тое, што адбываецца ў нас у краіне – не павінна адбывацца. Можа часам нейкімі жорсткімі фразамі, але тым не менш справядлівымі фразамі заяўлялі», – мяркуе Станіслаў Акружко з Беларускай камуністычнай партыі працоўных.

Тэксты прайшлі псіхалагічна-лінгвістычную экспертызу

Яна выявіла прыкметы распальвання нацыянальнай варожасці. На меркаванне дзяржаўнага абвінаваўцы, публікацыі дэманстравалі грэблівае стаўленне да беларускай гісторыі і мовы.

«Справа ў тым, што ў беларускай мовы ўсё адно няма ніякіх шанцаў. Яна нікому не патрэбная, акрамя апантанай недадзяржавы, якая імкнецца скруціць сабе шыю на Майдане на прыклад суседзяў», – пісаў Дзмітрый Алімкін пад псеўданімам «Ала Бронь».

Справа палітычная

З пазіцыяй публіцыстаў не пагаджаецца кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. Але ён упэўнены, што справа мае палітычны характар, бо закранае беларуска-расейскія дачыненні.

«Цяжка сказаць наколькі абгрунтаваная з пункту гледжання міжнародных стандартаў абмежаванне свабоды выказванняў. Наколькі дапушчальныя абмежаванні свабоды выказванняў на тыя матэрыялы, якія маюць відавочны характар прапаганды», – мяркуе Андрэй.

У той жа час, на меркаванне кіраўніка БАЖ улады Беларусі дэманструюць крывадушнасць, караючы публіцыстаў «Рэгнуму».

Расейская прапаганда існуе ў Беларусі на значна вышэйшым узроўні

«Яна ідзе, напрыклад, праз «Спутник», які з помпаю і з удзелам міністраў адчыняўся ў Беларусі. Яна ідзе праз тыя тэлеканалы, якія ўключаныя ў абавязковы пакет для распаўсюду. 4 з 9-ці такіх тэлеканалаў, яны заснаваныя на расейскай прадукцыі», – дадае спадар Бастунец.

Публіцысты «Рэгнуму» не прызналі сваёй віны. І збіраюцца абскарджваць прысуд у вышэйшых інстанцыях.

Вольга Жарнасек, «Белсат»