Аб'ектыў 30.08.2017 «Апусцілі нас ніжэй за плінтус». Менчукі скардзяцца на заробкі


Рэальныя заробкі на адсотак выраслі, а рэальныя даходы насельніцтва на столькі ж зменшыліся. Гэткія вынікі рапартуе афіцыйная статыстыка па выніках першага паўгоддзя гэтага года.

«Апусцілі нас ніжэй за плінтус».

«Пагоршылася. Пенсіянерам – увагі на іх ніхто не звяртае».

«Прыйшлося адмовіцца ад паездкі ў адпачынак».

«У кіно не пяць разоў на месяц хаджу, а 1-2. У рэстаран адзін раз. Ну, горш, рэальна горш».

– скардзяцца як адзін апытаныя намі жыхары Менску.

Заробкі ж на флагманах айчыннай прамысловасці сёлета падымаліся

Збольшага, за кошт скарачэння лішніх працоўных рук. То бок агулам беларусы багацей жыць не сталі. Але налета ўлады абяцаюць, што паляпшэнне дабрабыту закране ўсіх

Свае спадзяванні ўлады ўскладаюць на спрыяльную замежную канʼюнктуру – што сусветная эканоміка працягне расці, падтрымліваючы кошт нафты, а значыць – расейскую эканоміку, якая, у сваю чаргу, будзе працягваць нарошчваць імпарт з Беларусі. Яшчэ адное ключавое спадзяванне – на ажыўленне ўнутранага рынку, сярод іншага – што беларусы пачнуць актыўна купляць жыллё, нягледзячы на змяншэнне дзяржаўнага падтрымання. У выніку ўсяго гэтага рост айчыннай эканомікі мае паскорыцца ўтрая, як і рэальныя прыбыткі насельніцтва.

«Рост беларускай эканомікі вышэй 3 % налета выглядае дастаткова малаверагодным. Нават існы рост, крыху больш, чым на 1%, ён выкліканы добрай замежнай канʼюнктурай», – песімістычна расчароўвае эканамічны аглядальнік Вадзім Іосуб.

Адзіны спосаб забяспечыць рост прыбыткаў – павышаць прадуктыўнасць працы

А гэта магчыма толькі пры структурных рэформах эканомікі. Без гэтага, на думку старэйшага аналітыка «Альпары» спадар Іосуба, павялічыць выплаты бюджэт зможа толькі за кошт уключэння друкарскага станка. У выніку, існае абяцанне ўладаў аб росце прыбыткаў насельніцтва або спрычыніць дысбалансы ў эканоміцы – аслабіць курс рубля ды разгоніць інфляцыю. Або, што на ягоную думку больш верагодна, проста не будзе выкананае.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары