Апазіцыя ў шоку ад сяброўства Беларусі ды Еўразвязу


Менскі форум – пляцоўка для размоваў і асцярожнага зандавання магчымых рэальных пагадненняў. Лёсавызначальных рашэнняў чакаць не варта, але візіт і словы кіраўніка нямецкай дыпламатыі шмат кажуць пра ступень пацяплення на лініі Менск – Брусель.

«Я быў уражаны адданасцю Беларусі еўрапейскаму адзінству. Прэзідэнт Лукашэнка і я шмат казалі аб інтарэсах Еўропы. Беларусь можа стаць мастом паміж Еўразвязам і ЕАЭС. Беларусь не павінная выбіраць», – запэўніў Зігмар Габрыель.

Дыпламат паўтарыў запрашэнне для Лукашэнкі на саміт «Усходняга партнёрства»

Кіраўнік Беларусі ўсцяж трымае інтрыгу, ці з’явіцца ў Бруселі, але заяўляе пра гатовасць працягваць існы палітычны курс.

Сем год таму Менск ужо прымаў іншага кіраўніка нямецкай дыпламатыі. Еўрапейцы тады прыехалі з адной простай просьбай, каб «выбары прайшлі лепш за папярэднія». Пасля непаўторнай выбарчай ночы, беларускаму лідару было ўжо не да дыпламатыі.

Каб ніхто нікога не пакрыўдзіў

Магчыма ўсяго праз тыдзень у Брусель завітае сам кіраўнік Беларус і еўрапейцы дзеля гэтага гатовыя шмат на што закрыць вочы.

«Людзі сабраліся разам з мэтаю, каб ніхто нікога не пакрыўдзіў. Усе вельмі паліткарэктныя, таму ўчорашняя цэнтральная дыскусія і сённешняя кароткая панэль з удзелам міністра замежных справаў – ні было сказана ні аднаго слова пра выбары, пра стандарты АБСЕ пра выбары. Для мяне гэта проста шок, калі гэтае пытанне выпадае з парадку дня, то гэта проста ні пра што», – каментуе еўрапейскі рэалпаліцік апазіцыянер Анатоль Лябедзька.

На форуме казалі пра светлую будучыню

А менавіта – пра ўзаемнае сяброўства і саміт у Бруселі, ды нават пра перспектыву далучэння нашае краіны да сусветнай гандлёвай арганізацыі. Але над усім гэтым навісала галоўнае пытанне – ці паедзе Лукашэнка ў Брусель?

Саміт праз тыдзень, а ў МЗС не ведаюць, хто паедзе? Паводле адмыслоўцаў, Менск традыцыйна лукавіць

«Гэта такі палітычны стыль Аляксандра Лукашэнкі, ён так робіць ня ўпершыню. Бо пакуль няма рашэння, усе гадаюць, думаюць, ходзяць, робяць прагнозы. Я лічу, што калі ён не паедзе, гэта будзе сурʼёзная дыпламатычная параза», – мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч.

Чаму параза?

Бо гэта толькі пацвердзіць тое, у чым у Еўропе і так не сумняюцца – залежнасць афіцыйнага Менску ад настрояў у Крамлі. Каб заманіць Лукашэнку ў Брусель, Абʼяднаная Еўропа нават падрыхтавала адмысловую дамову, якая мусіць прыйсці да спадобы кіраўніку Беларусі.

«Там, фармальна ёсць пра ўсё. Але разам з тым няма ні пра што. Канкрэтыкі практычна няма, ёсць нейкія такія агульныя рэчы, маўляў трэба штосьці паляпшаць. У рэчышчы калісьці пастановаў ЦК КПСС – трэба штосьці палепшыць, падвысіць, гэтак далей, гэтак далей», – кажа Лябедзька.

То бок дакумент, які не прынясе нічога новага ўва ўзаемныя дачыненні, але прынамсі заменіць падпісанае яшчэ СССР і Еўрапейскай эканамічнай супольнасцю пагадненне аб гандлёва-камерцыйнай супрацы, якім Менск і Брусель карыстаюцца да сённяшняга дня

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: Rymakov Vadim / ITAR-TASS / Forum