Агляд спартовых навінаў


Футбол

Барысаўскі БАТЭ значна ўскладніў сабе выхад у стадыю плэй-оф футбольнай Лігі Еўропы. На сваім полі каманда Аляксандра Ермаковіча прымала сербскую «Црвэну Звэзду». Пры падтрыманні крыху больш як 11-ці тысяч заўзятараў, якія прыйшлі на «Барысаў-Арэну», БАТЭ забіць голу не здолеў, як і супернік.


Бразільскі футбаліст Рабінню, які цяпер абараняе колеры клубу «Атлетыку Мінэйру», наступныя 9 гадоў павінен правесці за кратамі. Італьянскі суд гораду Мілан прыгаварыў гульца да такога тэрміну за групавое зґвалтаванне.

Хакей

У чарговым туры Экстралігі хакейнага чэмпіянату краіны лідарства ў турнірнай табліцы замацаваў салігорскі «Шахцёр». Гарнякі на сваім лёдзе прымалі «Дынама» (Маладзечна) і ў няпростым двубоі святкавалі вікторыю, 2:1.

Бобслей

Бабслеісты і канькабежцы без медалёў, а нашыя суседзі без першага месца. Міжнародны алімпійскі камітэт за парушэнне антыдопінгавых правілаў пазбавіў сёння бабслеіста Аляксандра Зубкова дзвюх залатых узнагародаў, а канькабежку Вольгу Фаткуліну срэбнага медаля, гэтыя ўзнагароды яны заваявалі на Зімовых алімпійскіх гульнях у Сочы. У выніку ў Расеі стала 10 залатых медалёў, а на першае месца ў агульнакамандным заліку сочынскай Алімпіяды выйшла Нарвегія, у якой 11 медалёў найвышэйшага гатунку.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum