Аб'ектыў 25.08.2017 Агляд спартовых навінаў


Дужанні

Ванэса Халадзінская сталася ўладальніцаю залатога медаля на чэмпіянаце свету па дужанні, які прымае французская сталіца. Беларуска ў фінале вагавай катэгорыі да 53-х кілаграмаў перамагла японку Маю Мукаіду. Цікавы факт, што за некалькі секундаў да канца двубою Ванэса саступала суперніцы з лікам 4:6, аднак здолела правесці эфектыўны прыём і атрымала валявую вікторыю 8:6. За крок ад п’едэсталу спынілася нашая Віялета Чырык – у двубоі за бронзу яна саступіла Эвін Дэмірхан з Турцыі 1:3. Раней яшчэ дзве нашыя суайчынніцы здабылі два медалі. Спачатку Васіліса Марзалюк у вагавай катэгорыі да 75-ці кілаграмаў заваявала срэбра, а Ірына Курачкіна сталася ўладальніцаю бронзавай узнагароды ў вазе да 55-ці кілаграмаў. Без п’едэсталу засталася віцэ-чэмпіёнка Алімпіяды ў Рыа Марыя Мамашук, якая скончыла свой выступ ужо ў другім раўндзе.

Футбол

Барысаўскі БАТЭ ўсё ж такі згуляе на групавым этапе футбольнай Лігі Еўропы. Пасля першага хатняга матчу плэй-оф супраць «Александрыі», які скончыўся ўнічыю 1:1, ужо ва Украіне Ермаковіч і кампанія святкавалі валявую вікторыю 2:1. А ўжо сёння ў Манака адбылося лёсаванне групавога этапу, дзе БАТЭ апынуўся ў кампаніі супернікаў з англійскага «Арсеналу», нямецкага «Кёльну» і сербскай «Црвэна Звэзды».


Форвард нацыянальнай футбольнай зборнай Партугаліі ды мадрыдскага «Рэалу» Крыштыяну Ранаўду атрымаў свой прыз найлепшага гульца Еўропы сёлетняга сезону паводле версіі Звязу еўрапейскіх футбольных асацыяцыяў. Гэта адбылося ў Манака падчас лёсавання групавога этапу Лігі Чэмпіёнаў. Для яго гэта ўжо трэці трафей найлепшага футбаліста Старога Свету.

Роварныя гонкі

Польскі рэйсэр Томаш Марчыньскі з каманды «Лото Судал» перамог у шостым этапе шматдзённай роварнай гонкі «Вуэльта», які стартаваў у Віллярэалі, а скончыўся ў Сагунта. Другім фінішаваў ягоны суайчыннік, прадстаўнік стайні «Бора-Гансгроэ» Павэл Паляньскі, замкнуў першую тройку іспанец Энрык Мас з каманды «Кўік-Стэп Флорз». У агульным заліку лідарства захаваў брытанец Крыстафэр Фрум са «Скаю». Легендарная «Вуэльта», трэці і заключны Грэнд-Тур у сёлетнім сезоне, скончыцца 10-га верасня фінішам у Мадрыдзе.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: unitedworldwrestling.org

Глядзі таксама
Каментары