Агляд спартовых навінаў


Лёгкая атлетыка

Чацвёрты дзень на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Лондане па-ранейшаму не папоўніў беларускай скарбонкі хоць якім-небудзь медалём. Нашая Ганна Малышчык у кіданні молата ў фінале заняла толькі 10-ты радок, золата тут ужо ў трохразовай чэмпіёнкі свету полькі Аніты Владарчык.


У бегу на 110 метраў з бар’ерамі ў мужчынаў першынстваваў лідар сёлетняга сезону ямаец Оўмар Маклаўд. Дзейны чэмпіён свету расяянін Сяргей Шубянкоў, які выступаў пад нейтральным сцягам, фінішаваў толькі другі. Патройны скачок у прыгожай паловы выгуляла Юлімар Рохас з Венесуэлы. Срэбра дасталася калумбійцы Катэрынэ Ібаргуэн, якая не даскочыла да пераможцы ўсяго два сантыметры.

Тэніс

Буйны турнір асацыяцыі тэнісістаў прафесіяналаў «Rogers Cup», прызавыя якога сёлета складаюць $ 4,66 млн., распачаўся ў канадскім Манрэалі. Аўстраліец Нік Кэргіяс з перамогі стартаваў на спаборніцтвах і ў двух сэтах лёгка расправіўся з сербам Вікторам Траіцкі. Нечаканаю стала параза ў першым коле Люка Пуе. Француз, 18-ая ракетка свету, у двух партыях на тайбрэйках, 6:7, прагуляў гаспадару кортаў Джэрэду Доналдсану. Таксама далей мы ўбачым Міхаіла Зверава, Грыгора Дымітрава, Гаэля Манфіса, Кея Нісікоры.

Футбол

Сталічнае «Дынама» ў турнірнай табліцы футбольнага чэмпіянату краіны ў эліце выйшла на чыстае другое месца. Гэта адбылося пасля таго, як Гурэнка і кампанія на выездзе разграмілі наваполацкі «Нафтан», 4:0, а галамі вызначыліся Наёк, двойчы Сарока і Хвашчынскі. Гэтыя два мячы дазволілі форварду «Дынама» адзінаасобна ўзначаліць спіс бамбардзіраў першынства, на ягоным рахунку ўжо 9 галоў. Пасля паразы галоўны трэнер «Нафтану» Алег Сідарэнкаў падаў у адстаўку. Яшчэ ў адным матчы мірам, 0:0, разышліся «Гомель» і «Шахцёр».

Хакей

Беларуская хакейная зборная даведалася пра даты, у якія правядзе свае матчы на чэмпіянаце свету 2018-га года, які будзе прымаць Данія з 4-га да 20-га траўня. Міжнародная федэрацыя гэтага віду спорту апублікавала сёння каляндар двубояў у наймацнейшым дывізіёне. Ужо дакладна вядома, што мы згуляем у групе А, а сустрэчы пройдуць на арэне ў Капенгагене. Распачнем мы турнір 4-га траўня матчам са шведамі, далей у суперніках па чарзе значацца: Францыя, Расея, Швейцарыя, Чэхія, Аўстрыя і Славаччына. У 1/4-ую фіналу выйдуць па чатыры найлепшыя дружыны з дзвюх групаў.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: Wang Lili / Sportfotodienst / Forum