Агляд спартовых навінаў


Футбол

Сталічнае «Дынама» прабілася ў другі кваліфікацыйны раўнд футбольнай Лігі Еўропы. Пасля перамогі ўдома 2:1 над «Рунавуйкам» з Фарэрскіх выспаў, у гасцях Гурэнка і кампанія таксама запісалі ў свой актыў вікторыю 2:0, хоць і гулялі ў меншасці з 6-ай хвіліны.


Сюрпрыз з прыстаўкай анты паднёс лідар нашага першынства салігорскі «Шахцёр». Гарнякі ўдома не здолелі забіць літоўскай «Судуве» – нічыя 0:0. У гасцях жа і наагул саступілі 1:2.

Лёгкая атлетыка

Амерыканскі спрынтар Джастын Гэтлін перамог на дыстанцыі 100 метраў на чарговым этапе Дыяментавай лігі, які адбыўся ў Лазане. Гэтлін прабег стометроўку за 9, 96 секунды, апярэдзіўшы на дзве сотыя івуарца Бэна Юсэфа Мэйтэ. Трэці радок у паўднёваафрыканца Акані Сімбінэ. Беларуска Вольга Халадовіч сталася пятай у кіданні дзіды, паказаўшы вынік 62 метры 29 сантыметраў.

Тэніс

Роджэр Фэдэрэр – у трэцім коле «Ўімблдану». Швейцарац, пятая ракетка свету, без праблемаў разабраўся ў трох сэтах 7:6, 6:3, 6:2 з сербам Душанам Лаёвічам, які ў рэйтынгу на 79-ым радку. У 1/16 фіналу Роджэр пазмагаецца з немцам Мішам Зверавым. У жаночым адзіночным разрадзе крочыць далей лідарка спісу ВТА Анжэлік Кербэр. У другім коле немка разабралася з бельгійкаю Кірстэн Фліпкенс у двух сэтах з аднолькавымі 7:5.

Дзмітрый Сухановіч,«Белсат», фота: dinamo-minsk.by