Аб'ектыў 07.06.2017 Агляд спартовых навінаў


Хакей

Нядоўга заставаўся без працы былы найлепшы бамбардзір менскага хакейнага «Дынама» Мэт Элісан. У пачатку чэрвеня ён звярнуўся да кіраўніцтва «зуброў» з прапановаю датэрмінова закончыць кантракт, а ў выніку перамоваў быў знойдзены варыянт, які задаволіў абодвух. А ўжо сёння сталася вядома, што Элісан працягне кар’еру ў «КХЛ» і будзе выступаць за магнітагорскі «Металург», з якім ён падпісаў двухгадовае пагадненне.

Тэніс

Новак Джокавіч пакідае корты тэніснага турніру серыі «Вялікага шлема» Адкрыты чэмпіянат Францыі. Для серба, другой ракеткі свету, сталася непераадольнаю чвэрцьфінальная стадыя, дзе ён у трох сэтах, 6:7, 3:6, 0:6, саступіў аўстрыйцу Дамініку Тыму.

Футбол

Зборная Нямеччыны згуляла ўнічыю 1:1 з камандаю Даніі ў таварыскім двубоі, які адбыўся ў Брэндбю. Гэты матч – шанец для эксперыментальнага складу немцаў праверыць свае сілы напярэдадні Кубка канфедэрацыяў. Гэта восьмы турнір для нацыянальных камандаў, які праводзіцца пад эгідаю ФІФА, а стартуе сёлета 17-га чэрвеня ў Расеі.

«Манчэстэр Юнайтэд» упершыню за 5 гадоў узначаліў спіс амерыканскага часопісу «Форбс» самых дарагіх футбольных клубаў. Дзейныя пераможцы Лігі Еўропы пакінулі за спінаю іспанскую»Барсэлону», а таксама мадрыдскі «Рэал», які з вяршыні рэйтынгу змясцілі адразу на трэцюю пазіцыю.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: Максім Дзмітрыеў / SPORTNAVINY

Глядзі таксама
Каментары