Праца ў Польшчы – паводле змененых правілаў. Новаўвядзенні пачнуць дзейнічаць ужо ад Новага года. Для тых, хто прыедзе на працу з Беларусі, чакаецца некаторае спрашчэнне працэдур.
«У нас у Беларусі складана знайсці працу маме двух дзяцей, якая шэсць гадоў прасядзела ў дэкрэце. Нейкую высокааплатную працу цяжка знайсці. І нават маючы вышэйшую адукацыю, то ніхто не хоча асабліва браць. Хочуць, каб былі без дзяцей, да трыццаці гадоў, з адукацыяй, з нейкім стажам. Натуральна, у нас такіх людзей вельмі мала, таму работы адпаведна няма», – абураецца Аляксандра Моўчан.
Сёння ў Польшчы працуюць прыкладна 1,5 мільёна замежнікаў. Больш за ўсё – украінцаў. На другім месцы – беларусы. Колькасць дазволаў на працу для нас вырасла ў параўнанні з мінулым годам на 130 %.
Палякі шукаюць працу далей на Захадзе. Гэта ж усё часцей робяць і грамадзяне Украіны, пасля адмены візаў у шэнгенскай зоне. Таму польскі рынак працы патрабуе работнікаў і спрашчэння працэдураў, якія, перш за ўсё, закрануць з новага года грамадзянаў шасці краінаў: Расеі, Беларусі, Украіны, Малдовы, Грузіі ды Арменіі.
Грамадзяне гэтых краінаў змогуць працаваць да 9-ці месяцаў толькі на аснове пасведчання наймальніка, які мусіць даказаць, што няма ахвотных працаваць палякаў.
Гэта датычыць такіх галінаў, як сельская гаспадарка, садаводства і турызм.
Акрамя таго, для грамадзянаў названых шасці краінаў уводзіцца спрашчэнне працэдураў працаўладкавання ў любой галіне да шасці месяцаў на год. І гэта не ўсё.
«Для гэтых шасці дзяржаваў ёсць яшчэ дадатковыя спрашчэнні. Калі хтосьці пачынае працаваць у Польшчы на сталым кантракце, то ён можа падаваць на трохгадовую візу. І з кароткачасовай працы можна перайсці на сталую», – распавядае Станіслаў Швед, віцэ-міністр сям’і, працы і сацпалітыкі.
Новыя правілы скіраваныя на тое, каб перадухіліць фіктыўнасць дазволаў на працу, калі яны выкарыстоўвалася толькі для атрымання візы. Але гэта ніяк не перашкодзіць тым, хто рэальна хоча працаваць у Польшчы.
«Ёсць вельмі шмат сайтаў, якія прапануюць працу – тыя ж самыя польскія сайты. Ёсць сайты на расейскай мове таксама. Проста зрабіць рэзюмэ, проста рассылаць, і ў асноўным заўсёды ёсць адказ. І можна разлічваць і спадзявацца», – падбадзёрвае патэнцыйных гастарбайтараў спадарыня Моўчан, намесніца дырэктара крамы «Prim».
Толькі з траўня да кастрычніка беларусы перасякалі польскую мяжу 2,2 млн разоў. Хоць пакуль толькі ў 4 % польскіх фірмаў працуюць беларусы.
«З той інфармацыі, якая даходзіць да нашага міністэрства, няма скаргаў на працаўнікоў з Беларусі – што яны дрэнна працуюць ці нешта парушаюць. Больш глядзім на працадаўцаў, каб работнікаў не эксплуатавалі», – дадаў спадар Швед.
А новыя правілы таксама на гэта арыентаваныя. Працадаўца павінен плаціць мінімальны заробак і выконваць правілы для абароны працаўніка.
Сяргей Падсасонны, «Белсат», фота: Kacper Pempel / Reuters / Forum