Крэмль уступіўся за абвінавачаную ў шпіянажы для ФСБ


Развіццё шпіёнскага скандалу ў Еўрапарламенце. Скандалу, які быў чаканы для вялікай колькасці еўрадэпутатаў. Таццяна Жданок з «Расейскага саюзу Латвіі» абяцае судзіцца з журналістамі, якія апублікавалі сведчанні аб яе сувязях з ФСБ. Шэраг латвійскіх еўрадэпутатаў патрабуе тэрмінова прыпыніць мандат Таццяны Жданок у Еўрапарламенце. Але за старую камуністку публічна ўступіўся Крэмль. Што звязвае рускую еўрадэпутатку з Латвіі з Масквой і з рэжымам Лукашэнкі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Латвійская апазіцыя – кааліцыя «Аб‘яднаны спіс» – патрабуе прыпыніць дзейнасць Расейскага саюзу Латвіі ў сувязі з паведамленнямі аб супрацы еўрадэпутаткі Таццяны Жданок з ФСБ. Гаворка пра выцек электроннай перапіскі Жданок з меркаванымі куратарамі, і расследаванне з удзелам журналіста Хрыста Грозева, апублікаванае ў панядзелак шэрагам балтыйскіх выданняў і сайтам «Insider». Сама Жданок адказвае, што стала ахвярай сачэння, а кантакты з расейскімі чыноўнікамі – яе абавязак як палітыка.

«Я і мае аднадумцы працягваем і будзем працягваць выкарыстоўваць трыбуну Еўрапарламенту для барацьбы з неафашызмам», – заявіла ў адмысловым відэазвароце еўрадэпутатка ад Латвіі з сувязямі ў ФСБ Расеі Таццяна Жданок.

Расследаванне «Інсайдэра» дало палітычныя наступствы. Служба дзяржаўнай бяспекі Латвіі правярае інфармацыю. Офіс старшыні Еўрапарламенту паведаміў «Белсату», што там таксама ставяцца да публікацыі сур’ёзна. Хаця еўрадэпутаты, сярод якіх больш за 20 гадоў працавала Таццяна Жданок, нават не здзівіліся.

«Некалькі гадоў таму ў Еўрапарламенце нават паказвалі фільм, у якім выразна было сказана, што спадарыня Жданок блізка супрацоўнічае з ФСБ», – прыгадвае еўрадэпутат ад Польшчы Косма Златоўскі.

«Я заўжды яе называла не чальцом парламенту ад Латвіі, а чальцом парламенту ад Крамля», – падкрэслівае еўрадэпутатка і міністарка абароны Літвы (2008–2012) Раса Юкнявічыене.

Таццяна Жданок.
Фота: Tatjana Ždanoka / Facebook

Крэмль афіцыйна абвінаваціў расследаванне аб меркаваным шпіянажы латвійскай еўрадэпутаткі «макарцізмам, як у ЗША».

«Гэта паляванне на вядзьмарак… Мы гэта асуджаем рашуча», – заявіў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў.

Галоўнае абвінавачанне, якое гучыць у публікацыях: Таццяна Жданок з Расейскага саюзу Латвіі не проста кантактавала з афіцэрамі Санкт-Пецярбургскага ўпраўлення ФСБ. Яна дасылала ім справаздачы аб падзеях у Бруселі і Страсбуры, а таксама карысталася сваім статусам, каб дапамагаць працаўнікам ФСБ трапіць у Еўразвяз.

«Яна ведала, што робіць. Гэта не была памылка: за кубкам кавы ўгаварылі змяніць погляды і пайсці на службу ФСБ ці ГРУ. Гэта было самастойнае прадуманае рашэнне, і яна працягвала працу вельмі доўга», – тлумачыць літоўскі еўрадэпутат з дэлегацыі ў сувязях з Беларуссю Пятрас Аўштравічус.

Таццяна Жданок карысталася статусам еўрадэпутаткі, каб арганізоўваць прарасейскія акцыі ў Латвіі, ездзіла ў Крым легалізаваць псеўдарэферэндум, а таксама дзейнічала супраць дэмакратычных зменаў у Беларусі. Жданок галасавала супраць рэзалюцыяў Еўразвязу з асуджэннем рэпрэсіяў, і актыўна давала каментары расейскім і лукашэнкаўскім СМІ.

Жданок дапамагала прапагандыстцы Надзеі Сас арганізаваць спецпраграму СТВ са студыі Еўрапарламенту з апраўданнем расейскага ўварвання ва Украіну.

«Падчас Другой сусветнай вайны знішчэнню падлягалі ўсе габрэі. А сёння на іх месцы аказаліся расейцы», – заявіла ў эфіры СТВ Таццяна Жданок.

Пакуль ідзе праверка, Жданок працягвае працаваць як еўрадэпутатка, хаця яе мандат хутка скончыцца. Але на выбары Таццяна Жданок ужо знайшла сабе замену – кандыдатку ў еўрадэпутаткі ад Расейскага саюзу Латвіі Іну Д’еры.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»