Дзяржава пачала кантраляваць свае больніцы


Дзіця хварэе і не можа наведаць педыятра. Маці тэлефануе ў дзіцячую рэгістратуру Фаніпальскай паліклінікі… Слухаўку ўзялі на 282 раз.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я не разумею, як выклікаць лекара на дом для дзіцяці. У нашую паліклініку я не магу датэлефанавацца», – распавядае жыхарка Фаніпалю.

У паліклініцы апраўдваюцца: чэргі па талоны ў рэгістратуру доўгія, абслугоўвае пацыентаў адна асоба. Такое пачуем і пра шэрагі хворых у калідорах паліклінік: то лекараў не стае, то дыягностыка не такая хуткая праз састарэлае абсталяванне… Ачоленае Аляксандрам Хаджаевым Мінаховыздароўя згадала медустановам з гэтым разабрацца. Лекар Максім Палій іранізуе:

«Гэта як ударыць кулаком мастурбацыі па прастытуцыі. Ці тое самае, што прыйсці да помніка і забараніць галубам на яго гадзіць. Мы за ўсё харошае і супраць усяго дрэннага. Што для гэтага трэба зрабіць? Больш лекараў. Больш персаналу. І таксама троху змяніць культуру звяртання людзей да лекараў».

А ўрад пастановаю № 60 абавязаў дзяржаўныя паліклінікі і больніцы прайсці медычную акрэдытацыю на адпаведнасць базавым крытэрам. Падаць звесткі пра ўзрост і стан тэхнікі, пра штатны расклад і ўкамплектаванасць установы адукаванымі спецыялістамі, а таксама справаздачу аб самаакрэдытацыі.

«Факт, што яны дзяржаўныя, не робіць іх святымі і дае карт-бланш на выкананне медычных умяшанняў толькі таму, што яны належаць Мінаховыздароўя. Пытанне, чаму раней не было такога заканадаўчага акту. Як яно будзе выконвацца ў краіне, дзе не да законаў, – гэта пытанне. І што будзе, калі нейкая ўстанова не выканае нейкі з нарматыўных паказнікаў?» – разважае каардынатарка «BYMEDSOL» Лідзія Тарасенка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Віцебская гарадская паліклініка № 7. Фота «Белсат»

Прайсці акрэдытацыю маюць 464 дзяржаўныя медустановы. Тых, што набяруць 50-69 балаў, акрэдытуюць на год. Набрала 70-89 балаў – акрэдытуюць на тры гады. Сертыфікат на пяць гадоў працы выдадуць, калі вынік 90-100 балаў. Хто не атрымае «залік» – мае месяц на тое, каб падцягнуць паказнікі. Калі лекараў не стае, а абсталяванне састарэлае, што можа зрабіць звычайная паліклініка за гэты месяц?

«Абсалютна нічога, таму што, калі мы кажам пра працэдуру дзяржзакупаў, яны доўжацца гадамі. Сам механізм напісання заяўкі, атрымання ўсіх неабходных подпісаў, праходжання працэдур закупаў – гэта год. Таму не ведаю. Магчыма, галоўны ўрач збегае на рынак і сам нешта набудзе», – іранізуе Лідзія Тарасенка.

Установам без сертыфікату бюджэт перастане выдаткоўваць грошы на выкананне паслуг і ўтрыманне лабараторыяў. То бок аддзяленні зачыняць.

«У нас ёсць наступны прынцып аказання дапамогі – гэта даступнасць. Скажам так: калі нейкая ўстанова не будзе адпавядаць гэтым стандартам, магчыма, што наступная ўстанова, якая ім адпавядае, будзе знаходзіцца на адлегласці дзясяткаў кіламетраў. І гэта ідзе ўразрэз», – Максім Палій.

Лекар лічыць, што да такіх наступстваў не дойдзе ў дзяржаўным сектары, дзе службоўцы маюць досвед прыгожа афармляць дакументы.

Юлія Цяльпук, «Белсат»