Чаму Лукашэнка шукае падтрымання з боку Царквы?


Дзяржава і Беларуская праваслаўная царква паглыбляюць супрацу. Гэтак, з’явілася школьная праграма курсу духоўна-маральнай культуры і патрыятызму з відавочным рэлігійным ухілам. Праваслаўныя клірыкі – частыя госці на праўладных мітынгах і ў сілавікоў. А як мінімум частка прадстаўнікоў Царквы падтрымлівае агрэсію супраць Украіны. Навошта ўлады шукаюць падтрымання ў праваслаўі? І як ставяцца да такой супрацы вернікі і святары?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму» – новы школьны курс распрацавала Міністэрства адукацыі разам з Беларускаю праваслаўнаю царквою. Святары – інструктары для працы з вернікамі – маюць зʼявіцца ў беларускім войску. А практыка асвячэння месцаў службы сілавікоў і наведання праўладных падзеяў існуе ўжо досыць даўно. Пасля пратэстаў 2020-га года праваслаўная Царква ў Беларусі, падобна, яшчэ больш цесна супрацоўнічае з дзяржавай. Але навошта гэта ўладам?

«Дзяржава абапіраецца на царкву, каб свае ідэалагічныя штамы ўкараняць у грамадства. Бо значная частка насельніцтва падзяляе хрысціянскія каштоўнасці. І верыць слову святара, што прамаўляецца з амбона. Калі святар, кажучы пра любоў, радасць, мір, доўгацярпенне, пачынае казаць і крыху пра іншае, гэта таксама праглынаецца», – кажа былы настаяцель царквы Святога Мікалая Цудатворцы ў Санкт-Пецярбурзе Улад Анцыбор.

«Мы ведаем, што рэжым Лукашэнкі не прызнаецца фактычна большасцю міжнароднай супольнасці. Гэта проста адзін са спосабаў самасцвердзіцца і адчуць, што цябе хоць нехта падтрымлівае і што ты маеш нейкую важнасць хаця б у сваёй дзяржаве», – мяркуе удзельніца абʼяднання «Хрысціянская візія» Наталля Гарковіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лукашэнка ў царкве.
Фота: president.gov.by

Царква таксама актыўна кантактуе з сілавымі структурамі, што чынілі гвалт у дачыненні мірных пратэстоўцаў, а цяпер працягваюць рэпрэсіі супраць нязгодных з палітыкай Аляксандра Лукашэнкі.

«З таго воблака розных багаслоўскіх пазіцыяў можна знайсці нешта, што, будучы вырваным з кантэксту, будзе апраўдваць жорсткія дзеянні ўладаў у дачыненні апазіцыі. І нават вайна, як мы ведаем, апраўдваецца», – тлумачыць Улад Анцыбор.

Летась Царква ў асобе патрыярха Кірыла ўхваліла гэтак званую спецыяльную ваенную аперацыю ва Украіне. У Беларусі сваёй праваеннай і прарасейскай пазіцыяй адзначыўся Свята-Елісавецінскі манастыр у Менску, дзе, да прыкладу, збіралі дапамогу расейскім жаўнерам. Але як шараговыя беларускія святары ставяцца да таго, што кіраўніцтва Царквы выступае за вайну?

«Падтрымлівае ўсё гэта вельмі малы адсотак духавенства насамрэч. Рэшта стараецца дыстанцыявацца ад гэтага ўсяго, займаць нейкую нейтральную пазіцыю», – кажа святар Беларускай грамады Канстанцінопальскага патрыярхату ў Вільні Георгій Рой.

Святары, імаверна, асцерагаюцца выказвацца супраць, баючыся страціць сваё месца. Георгій Рой праз сваю антываенную пазіцыю і нязгоду з дзяржаўнаю палітыкаю страціў сан у БПЦ і перайшоў у Канстанцінопальскі патрыярхат. Паводле яго, шмат хто з праваслаўных вернікаў у Беларусі таксама не падзяляе поглядаў царкоўнага кіраўніцтва.

«Кажуць прыкладна так: мітрапаліт мітрапалітам, патрыярх патрыярхам, а гэта мая царква, у будаўніцтве якой я браў удзел ці якую будавалі мае продкі. І я прыходжу да Бога, а не да мітрапаліта і не да патрыярха», – распавядае Георгій Рой.

Тым часам улады ў Беларусі плануюць перарэгістраваць рэлігійныя арганізацыі. Працэдура мае пачацца пасля прыняцця абноўленага закону аб іх дзейнасці. Дарэчы, перарэгістрацыя палітычных партыяў, што адбылася раней, фактычна вылілася ў ліквідацыю тых, хто быў недастаткова лаяльны да рэжыму Лукашэнкі.

Валянцін Васіленка, «Белсат»