Ці ўдасца прымусіць Лукашэнку да міру?


Вільня і Варшава, падобна, дамовіліся аб супольнай стратэгіі прымусу Лукашэнкі да супрацы. Літоўскі ўрад стварае працоўную групу, якая будзе вызначаць індыкатары небяспекі з боку рэжыму Лукашэнкі. А польскі ўрад прапаноўвае адкрыць частку зачыненых памежных пераходаў, калі пабачыць саступкі з Менску.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі абвінаваціў Латвію ў парушэнні дзяржаўнай мяжы ўзброенымі вайскоўцамі. Як паведамілі ў ДПК, інцыдэнт адбыўся сёння, у сераду на пункце пропуску Грыгораўшчына. У доказ апублікавалі відэа. Сітуацыя на мяжы з Латвіяй напружаная, нашыя паўночныя суседзі паскараюць пабудову агароджы, бо чакаюць наплыву нелегальных мігрантаў праз Беларусь.

Узмацняюць мяжу і палякі.

«Толькі што ў нас скончылася спатканне з камандаваннем Войска Польскага, якія кіруюць на гэтым адрэзку нашай усходняй мяжы, з камандаваннем Памежнай аховы і паліцыі», – заявіў каля памежнага плоту міністр унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Мар’юш Каміньскі.

Сёння адразу тры польскія міністры – абароны, замежных і ўнутраных справаў – наведалі вёскі Уснаж-Гурны і Крынкі ў польскім Падляшшы. Візіт быў і працоўны, і сімвалічны, бо менавіта тут два гады таму пачаўся масавы штурм Польшчы мігрантамі, за спінамі якіх стаялі беларускія сілавікі ў масках, са зброяй і спецсродкамі.

Польскія памежнікі на польска-беларускай мяжы. 19 лістапада 2021 года.
Фота: Straż Graniczna / Twitter

«Праціўнікі нашай краіны і праціўнікі свабоднага свету – Пуцін і Лукашэнка – два гады таму хацелі заліць Еўропу хваляй хаосу», – падкрэсліў Марʼюш Каміньскі.

«Два гады таму Польшча магла стаць Лямпэдузай, але насычанай мігрантамі, вялікая частка якіх прайшла вайсковую падрыхтоўку. Больш за 90 адсоткаў з іх рэкрутаваная расейскімі спецслужбамі. Яны прылятаюць у Расею, і канвенцыйнымі каналамі іх перакідваюць сюды», – заявіў міністр замежных справаў Польшчы Збігнеў Раў.

Польшча афіцыйна звярнулася да Ірану і арабскіх краінаў і заклікала іх паведамляць пра спробы арганізацыі нелегальнай міграцыі ў Еўразвяз праз Беларусь.

«Неўзабаве ў Беларусі пачнуцца вучэнні з удзелам расейскіх войскаў. Прысутнасць наймітаў Вагнэра – гэта таксама рэальная пагроза. Пуцін паведамляў, што на тэрыторыі Беларусі была размешчаная ядравая зброя – і гэта таксама пагроза. Адказ на ўсё гэта – узмацненне Войска Польскага і мяжы», – заявіў міністр абароны Польшчы Мар’юш Блашчак.

Напярэдадні літоўскую мяжу з Беларуссю наведваў Гітанас Наўседа.

«Перад намі стаіць пытанне: а што найміты Групы Вагнэра, застаўшыся без свайго лідара, могуць рабіць на тэрыторыі Беларусі? Стаіць пытанне іхнага фінансавання. Хто будзе плаціць за іх? Без крыніцаў фінансавання вагнэраўцы будуць вымушаныя кудысьці перамяшчацца», – заявіў прэзідэнт Літвы.

Прэзідэнт Літвы звярнуў увагу на паведамленні, што баевікам Групы Вагнэра ў Беларусі выдаюць беларускія пашпарты. Як паведаміў нам Павел Латушка, гэта сапраўдны дакумент з несапраўднымі імёнамі і прозвішчамі, перадусім каб вагнэраўцы маглі служыць у беларускім войску і камандаваць беларускімі салдатамі.

«Нам паступіла таксама інфармацыя з нашых крыніцаў, што такія пашпарты выдае Дэпартамент арганізацыйна-вышуковай дзейнасці МУС Беларусі. Менавіта ён адказвае за гэтую дзейнасць. Бо ясна, што Дэпартамент міграцыі і грамадзянства курыруе гэтыя пытанні», – распавёў «Белсату» намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету.

Як зазначыла Святлана Ціханоўская на міжнародным форуме бяспекі ў Славеніі, нашая краіна сапраўды ўяўляе пагрозу для суседзяў, але змагацца трэба не з сімптомамі, а з прычынамі праблемы.

«Нам трэба зразумець, што толькі дэмантаж рэжыму Лукашэнкі зробіць Беларусь стабільнай і бяспечнай для нашых суседзяў», – падкрэсліла абраная прэзідэнтка Беларусі.

Тым часам з Варшавы ідуць прапановы для Лукашэнкі адмовіцца ад канфлікту. Як заявіў намеснік міністра ўнутраных справаў Мацей Вонсік, Польшча гатовая адчыніць некаторыя памежныя пераходы ў Беларусь. Дастаткова, каб Лукашэнка пазбавіўся ад вагнэраўцаў і ад сённяшняй міграцыйнай палітыкі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»