Як адпачыць актыўна? Абіраем байдаркі, ровары і намёт


Лета – праз два дні. Скарыстайце яго, каб прабавіць час актыўна і карысна, напрыклад, павандраваць на байдарках або выправіцца ў падарожжа роварам. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Падыходзім сюды па камізэлькі!» – сплавіцца на байдарках можа кожны – дастаткова ўважліва паслухаць інструктаж і выканаць усе захады бяспекі. Новы чалавек сядае спераду, дасведчаны – ззаду, ён і будзе капітанам, які дае каманды: улева-ўправа, адной-дзвюма, сушым вёслы. Памятайма, веславаць трэба сінхронна.

«Калі вы маеце нейкія карысныя рэчы, тэлефон ці што, то можна ўпусціць у ваду, таму акуратна з гэтым, вось, не раняйце тэлефон у ваду», – папярэджвае арганізатар сплаваў на байдарках «Splyvem» Алег Мяцеліца.

Захаваць каштоўныя рэчы сухімі дапаможа герметычны мех. Каб не ўпасці ў ваду самому, плывіце седзячы, а не стоячы, і не рабіце рэзкіх рухаў. Калі байдарка ўсё ж такі перакулілася, уздыміце яе над вадой, выліце ўсю ваду і толькі тады пераварочвайце.

Сваімі ўражаннямі дзеляцца ўдзельнікі сплаву:

«Спадабалася, што мы не перакуліліся, як мінулым годам, і не згубілі тэлефон, як мінулым годам, і заашчадзілі паўтары тысячы долараў».

«Цяпер усё баліць, я б сказала, што калі нехта хоча пахадзіць у спартовую залу і яшчэ паглядзець прыгожыя віды, то гэта самы лепшы варыянт».

«Гэта вельмі добры чэлендж: такое яднанне з прыродай і выпрабаванне сваіх высілкаў уласных».

Сплаўляцца можна па ўсіх рэках, але цікавей гэта рабіць на невялікіх і неглыбокіх, з вялікаю колькасцю паваротаў.

«Самае папулярная – гэта Іслач. А цікава, я думаю, гэта Віцебшчына – рэкі такія больш хуткія, лясныя», – прыгадвае

арганізатар сплаваў на байдарках «Splyvem» Алег Мяцеліца.

Найбольш вядомыя арганізатары сплаваў на байдарках: wilder.by, kayaking.by, veslo.by.

Фота мае ілюстратыўны характар. Байдаркі. Фота з уласнага архіву Карыны Сітнік

Падарожжа на ровары – асобны від актыўнага адпачынку. За дзень роварам можна праехаць ад трыццаці да васьмідзесяці кіламетраў. І, вядома, наведаць некалькі цікавых мясцінаў. Плюс гэта экалагічны від транспарту, што дапамагае дбаць пра здароўе.

Веламаршрут не абавязкова праходзіць па веласцежцы. Галоўная ўмова – бяспечная і зручная для раварыста дарога. «Еўравела-2» – самы доўгі з распрацаваных у Беларусі маршрутаў – амаль на тысячу кіламетраў. Ён ідзе праз усю краіну і мае пункты ад Камянца да Барысава.

«Іншыя маршруты таксама могуць быць азначаныя, магчыма, не металічнымі знакамі, а драўлянымі слупкамі, напрыклад, або ёсць на пачатку стэнд і паказана, як гэты маршрут праходзіць. Але хацелася б, каб гэтага было значна больш», – кажа прадстаўнік «Менскага роварнага таварыства» па роварнай інфраструктуры Максім Пучынскі.

Знайсці самыя розныя веламаршруты можна на сайце eurovelo.by. На маршруце, акрамя навігацыі, мусяць быць месцы адпачынку, роварныя сэрвісы, велапаркоўкі і, вядома ж, цікавыя для наведвання мясціны. Гэтага пакуль што не стае.

Дзеля адпачынку на возеры ці ля ракі спатрэбіцца намёт – ставіць яго дазволена паўсюль і толькі ў запаведніках – на спецыяльна адведзенай тэрыторыі.

«Можна назіраць зорнае неба. І гэта такое адзінства з прыродай, калі ты хочаш адпачыць ад шумнага гораду. Акрамя таго, гэта кошт. Гэта, фактычна, атрымліваецца амаль бясплатна – трэба патраціцца толькі на ежу», – кажа Максім Пучынскі.

Мінімальную інфраструктуру забяспечваюць арганізаваныя кемпінгі. За 10 – 15 рублёў на содні можна атрымаць месца пад намёт, дровы, альтанку са сталом і лаўкамі, а часам – яшчэ доступ да электрычнасці, чыстае вады і біяпрыбіральні.

Каб адпачынак у намёце быў сапраўды камфортным, вам спатрэбіцца дыванок: у выглядзе пенкі або надзіманы. Дыванок не прапускае холаду ад зямлі і захоўвае цяпло вашага цела. Яшчэ адная важная рэч – спальнік, што змякчыць месца для спання і будзе дадаткова грэць вас.

Увесь рыштунак для актыўнага адпачынку можна арандаваць па досыць дэмакратычных коштах: Br 5-15 за намёт,

Br 2-6 за дыванок і Br 3-6 за спальнік за содні. Гэта танней, чым набыццё, а таксама прасцей, калі плануеце выязджаць некалькі разоў на год.

Аліна Скрабунова, «Белсат»