Як правільна і бяспечна катацца на ровары?


Роварны сезон у самым разгары. Паводле статыстыкі Белстату, амаль 50 адсоткаў жыхароў сталіцы маюць хаця б адзін ровар на сям’ю. Нязначна саступаюць ім берасцейцы і гарадзенцы. Калі ж ровара няма, а пакатацца хочацца? Можна скарыстацца пракатам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сярод сэрвісаў пракату ровараў і электрасамакатаў шукайце kolobike, Eleven, Jet, BusyFly, Velotrek і Drive Sport. Акрамя непасрэдна Менску, некаторыя сэрвісы даступныя ў абласных і раённых цэнтрах.

За гадзіну катання з ветрыкам на ровары заплацім – ад трох рублёў. На самакаце ўтрая больш.

Ёсць і нюансы. Паводле Дзяржаўтаінспекцыі, у толькі Менску цягам года здараецца да паўсотні аварыяў з удзелам веласіпедыстаў і сродкаў персанальнай мабільнасці кшталту самакатаў, гіраскутэраў, монаколаў.

«Канфлікты адбываюцца ў першую чаргу з-за недаразвітасці інфраструктуры, якая існуе ў беларускіх гарадах. Ці фактычна не існуе, што вымушае і раварыстаў і самакатчыкаў карыстацца тратуарамі», – кажа ўрбаніст Сяргей Ляпін.

Аднак чыноўнікі эканомяць на такой інфраструктуры, дадае эксперт. Тым не менш колькасць аматараў пракаціцца так імкліва расце, што, напрыклад, для электрасамакатаў ДАІ ўвяла дадатковы кантроль хуткасці. З дазволеных 25 кіламетраў на гадзіну – у парках і скверах хуткасць праграмна будзе зніжацца да 15 км/г.

«Важна мець катафоты, важна мець камізэльку, важна дадаткова мець флікеры. І добра, калі яшчэ на ровары будзе ліхтарык і спераду і ззаду», – кажа велаінструктар Дзяніс Герасімчык.

Варта памятаць і пра дазволеныя месцы катання. Напрыклад, электраровар можа перасоўвацца па роварнай ці пешаходнай дарожцы, узбочыне, тратуары, не далей за 1 метр ад праезнай частцы. Сродкі персанальнай мабільнасці – усё тое ж самае, акрамя праезнай часткі.

Не забывайце і пра экіпіроўку.

«Вы можаце ехаць спакойна і бяспечна, але іншыя ўдзельнікі руху могуць ехаць небяспечна. Ніколі не ведаеш, што можа здарыцца, таму шлем, вядома, нас абараняе. Пры сутыкненнях, здарэннях, падзеннях», – кажа раварыстка Аліна.

Калі паспелі зразумець, што падзення не пазбегнуць, можна паспрабаваць згрупавацца, падцягнуць локці да галавы ці пастарацца ўпасці на бок, каб зменшыць пашкоджанні. Аднак:

«Падзенне вельмі цяжка прадказаць. Нашмат прасцей яго проста перадухіліць. Гэта значыць, ехаць спакойна, уважліва, сканцэнтравана. Каб гэтага падзення не здарылася», – дадае Аліна.

Культура язды, і ў тым ліку пракату, у Беларусі яшчэ фармуецца. І тут у асобную катэгорыю рызыкі трапляюць людзі з абмежаванымі магчымасцямі.

«Калі нехта кідае ці пакідае без дагляду ровары ці самакаты – гэта таксама можа траўмаваць пешаходаў магу з уласнага досведу сказаць, што па-першае гэта асобы, якія маюць праблемы са слыхам і зрокам. Таксама маю дзяцей з аўтызмам, і яны вельмі актыўныя – могуць проста не пабачыць не пачуць ровар ці самакат», – кажа гараджанка Ганна Котава.

Паводле медычных даследаванняў, тая ж язда на ровары паляпшае сон, страваванне, стан скуры, зніжае стрэс, дапамагае пазбавіцца лішняй вагі.

Уладзіслаў Корсак, Белсат