Ці стане Беларусь камерай па вынясенні смяротных прысудаў пуцінскай Расеі


Расстраляць. І пажадана ў Беларусі. Такой долі для падазраваных у здзяйсненні тэракту ў «Crocus City Hall» жадае расейскай Дзярждумы Марыя Буціна. У самой жа Расеі актывізаваліся размова аб адмене мараторыю на прымяненне смяротнага пакарання. 

Затрыманых па справе тэракту ў падмаскоўным «Crocus City Hall» могуць пакараць смерцю ў Беларусі. Пра тое, што зараз разглядаюць магчымасць пераносу суда ў нашу краіну ў эфіры беларускага дзяржаўнага тэлеканалу заявіла дэпутатка расейскай Дзярждумы Марыя Буціна.

«Я думаю, што па лініі кампетэнтных органаў ужо ідзе наконт гэтага абмеркаванне. Калі яны проста разлічваюць, што ў Расеі зараз уведзены мараторый на смяротнае пакаранне, ухіліцца ад такога пакарання, ну давайце яшчэ пачакаем, паглядзім, таму што перамовы вядуцца», – заявіла Буціна ў праграме «Клуб рэдактараў» на тэлеканале «Беларусь 1» 29 сакавіка.

«Гэта больш падобна на ўнутраны запыт беларускай прапаганды, каб адпрацаваць тэму тэракту на беларускую аўдыторыю. Бо аб’ектыўных прычын для перавозкі падазраваных у Беларусь, каб іх там судзіць, няма», – кажа ў каментары Белсату палітолаг Дзяніс Левен.

Марыя Буціна, паводле эксперта, не раз адпрацоўвала палітычныя замовы. Напрыклад, менавіта яна заўяляла пра добрыя ўмовы ўтрымання палітыка Аляксея Навальнага ў калоніі ва Уладзімірскай вобласці і рэкламавала тэлефоны расейскай вытворчасці.

Версія пра палітычную замову выглядае натуральна, бо на тэме тэрарыстаў піярыцца і Аляксандр Лукашэнка.

«ФСБ нам паведаміла, што яны (тэрарысты – аўт.) рухаюцца ў нашым напрамку па гэтай дарозе. Мы з Пуцінам дамовіліся, што блакуем свой участак», – заявіў палітык.

Аднак гэтая заява Лукашэнкі супярэчыць версіі Крамля пра падрыхтаванае для тэрарыстаў акно на расейска-украінскай мяжы, і таму прыйшлася не да спадобы ў Расеі, заўважае палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст.

«У Лукашэнкі ёсць такая звычка як у прыказцы, жаданне быць нябожчыкам на кожным пахаванні ці жаніхом на кожным вяселлі. У Расеі гэта ведаюць, але патураць гэтаму не хочуць. Гэта ў і’ выклікае хутчэй раздражненне», – кажа эксперт.

Перанесці суд над меркаванымі выканальнікамі тэракту ў Беларусь, на думку расейскай дэпутаткі, дазваляе наяўнасць пацярпелых грамадзян Беларусі. У выніку тэракту загінулі трое беларусаў: Алім Кашавараў, Ганна Волкава і Вадзім Кулік.

«Агулам гэта магчыма, бо крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае магчымасць прыцягнення да адказнасці замежных грамадзян за шэраг злачынстваў, у тым ліку за тыя, што наносяць шкоду дзяржаўным  інтарэсам Беларусі. Калі суд прызнае, што тут ёсць складнік урону інтарэсаў Беларусі, ён можа прыняць да разгляду такую справу», – адзначыў юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч.

У самой жа Расеі з 1996 года дзее мараторый на смяротнае пакаранне. Пра яго адмену рознага рангу палітыкі пачынаюць казаць пасля гучных злачынстваў. Тэракт у «Crocus City Hall» не стаў выключэннем. Адмену мараторыя на смяротнае пакаранне ў Расеі падтрымалі камуністы і прадстаўнікі ЛДПР, а таксама намеснік старшыні Савету бяспекі Расеі Дзмітрый Мядзведзеў.

«Яны зараз выпрабоўваюць глебу, але перадумоў для гэтага няма. Да таго ж гэта не самая лёгкая працэдура – зняць той мараторый, бо ён накладзены Канстытуцыйным судом Расеі. Таму гэты ж суд мусіць мараторый адмяняць. Для гэтага недастаткова толькі жадання дэпутатаў Дзярждумы», – перакананы Дзяніс Левен.

Тым не менш, у студзені Уладзімір Пуцін унёс у Дзярждуму пакет дакументаў, які прадугледжвае выхад з міжнародных дамоваў, якія ў свой час сталі падставаю для ўвядзення мараторыю.

Аліна Скрабунова belsat.eu