Расея масавана ўдарыла па Украіне


Паводле звестак Паветраных сілаў ЗСУ, Расея запусціла па тэрыторыі Украіны 122 ракеты і 36 беспілотнікаў. Украінскія абаронцы знішчылі 87 ракетаў і 27 дронаў. Атакавалі ж расейцы «ўсім, што маюць у арсенале».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На думку вайсковага аналітыка Івана Ступака, адна з мэтаў атакі – помста за нядаўняе знішчэнне сіламі абароны Украіны 5 расейскіх вайсковых самалётаў і вялікага дэсантнага карабля «Новачаркаск»:

«Бралі бамбавальнікі, знішчальнікі. Усё, што было, кідалі. Беспілотнікі – гэта адцягванне ўвагі, расфакусіроўка, знясіленне нашай супрацьпаветранай абароны. А потым заходзілі розныя крылатыя ракеты, балістычныя ракеты запускалі комплексы С-300, С-400».

На мапе бачна, наколькі масаванай была атака расейскіх акупантаў. Пад ударамі апынулася большая частка тэрыторыі Украіны, а таксама найбуйнейшыя гарады.

Паводле міністра ўнутраных справаў Ігара Клымэнкі, у Кіеве ў выніку абстрэлу пашкоджаная цывільная інфраструктура, аўты і складскія памяшканні. Найбольш пацярпелых у Падольскім раёне ўкраінскай сталіцы.

«Я забягаю ў ванны пакой, і ў гэты момант люстэрка адлятае. Калі б яшчэ секунда, мяне б усю парэзала», – распавядае жыхарка Кіева.

У горадзе Дняпро ў выніку расейскай атакі пашкоджаны гандлёвы цэнтр. Апроч таго, пацярпелі адзін прыватны і адзін шасціпавярховы дом, а таксама радзільня.

Вайна ва Украіне
Расейская ракета трапіла ў гандлёвы цэнтр у Дняпры.
Фота: ДСНС України / Facebook

У Львове ў выніку падзення аскепкаў дрона пашкоджаны аб’ект крытычнай інфраструктуры. Пацярпелі жылыя дамы, тры школы і дзіцячы садок. Мэр гораду Андрэй Садавы запэўнівае:

«Мы цяпер у штабе прымаем рашэнні пра поўную кампенсацыю стратаў, якія панеслі людзі. Галоўнае цяпер – аднавіць будынкі».

Адэсу ўначы атакавалі дронамі, а раніцаю – ракетамі. Тут таксама пашкоджанні атрымалі жылыя дамы.

«Сам дом пачаў рухацца. Мы на пятым паверсе жывем, і я зразумела, што нешта здарылася страшнае. Я хутка пабудзіла дзяцей», – кажа жыхарка Адэсы.

Харкаў абстрэльвалі ў дзве хвалі, у тым ліку ракетамі С-300. У горадзе знішчаныя і пашкоджаныя склады і транспартнае дэпо. Адна ракета ўпала на тэрыторыю больніцы.

Акупанты нанеслі ракетныя ўдары па інфраструктурных аб’ектах Запарожскай вобласці.

«Тут жанчына загінула. Сын, не ведаю, удома быў ці на працы. І тут была жанчына з дзіцём, дарослае дзіця. Таксама не ведаю, былі ўдома ці не», – задаецца пытаннем мясцовы жыхар.

Звязаным з расейскай атакай на Украіну можа быць і наступны інцыдэнт. Польшча паведаміла, што раніцаю неапазнаны абʼект заляцеў у паветраную прастору краіны. Сістэма супрацьпаветранай абароны назірала за ім, пакуль абʼект не знік з радараў. Паводле польскіх медыяў, ён упаў у ваколіцах паселішча Важучын-Цукроўня.

«Імаверна, хтосьці прарваўся і паляцеў далей. Імаверна, як гэта было ў мінулы перыяд, я не выключаю, працавала наша СПА, збілі ля мяжы і рэшткі паляцелі на тэрыторыю Польшчы. Магчыма, мы не ведаем. Рэакцыя Польшчы? Я мяркую, хутчэй за ўсё NATO будзе ціснуць на Рэспубліку Польшчу: нічога страшнага, ну і што, што адбылося, якая розніца?», – мяркуе Іван Ступак.

Пазней улады Польшчы заявілі: найбольш імаверна, што абʼект, які парушыў паветраную прастору краіны, быў расейскаю ракетаю. Польскія СПА перавялі ў стан павышанай гатовасці.

Алесь Яшчанка, «Белсат»