Лукашэнка навучыць свет змагацца з Глабальнымі зменамі клімату?


Дайце грошай і адмяніце санкцыі – іначай патоп і глабальнае пацяпленне. Аляксандр Лукашэнка паляцеў у Арабскія эміраты на Кліматычны саміт пад эгідай ААН. Там ён плануе сустракацца з афрыканскімі калегамі і навучыць увесь свет правільна змагацца з Глабальнымі зменамі клімату, выкліканымі дзейнасцю чалавека.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Праз менскую завіруху – пешкі ў самалёт, без шапкі. Так прэс-служба Лукашэнкі паказала ягоны пералёт у Арабскі эмірат Дубай. На Кліматычным саміце Лукашэнка абяцаў сустрэцца з кіраўнікамі асобных афрыканскіх краінаў. Гэта такі спосаб прарваць інфармацыйную блакаду і паказаць сваю легітымнасць, тлумачыць рэдактар выдання «Беларусский ежегодник» Вадзім Мажэйка:

«Краіны Захаду не проста называюць яго дыктатарам, а не прызнаюць яго прэзідэнтам. У такіх умовах для Лукашэнкі і ягонага МЗС вельмі важна знайсці міжнародныя пляцоўкі, дзе можна паказаць, што ён насамрэч прэзідэнт, на міжнародныя саміты ездзіць, двухбаковыя сустрэчы мае, усё, як у дарослых».

Кліматычны саміт у Дубаі пачынаецца ў чацвер, там чакаюць генсека ААН Антоньё Гутэрыша, а вось Папа Рымскі Францішак не прыедзе – захварэў. Прамову Лукашэнкі праанансаваў ягоны міністр Андрэй Худык: папросіць грошай з Глабальнага экалагічнага фонду, каб выконваць пагадненні па зніжэнню выкідаў парніковых газаў.

«Нашая рэспубліка як краіна з пераходнай эканомікай мае права атрымліваць фінансаванне для ўзмацнення свайго патэнцыялу, але фактычна гэтыя рэсурсы не паступаюць у краіну», – заявіў Андрэй Худык, міністр аховы асяроддзя Лукашэнкі.

Таксама запланаваны выступ пра карысць Астравецкай атамнай станцыі і пра неабходнасць адмены антываенных санкцыяў, уведзеных супраць «Беларуськалію».

«Харчовая бяспека і ўстойлівасць сельскай гаспадаркі не можа дасягацца падчас выкарыстання гандлёвых бар‘ераў адносна паставак угнаенняў з Беларусі», – падкрэсліў Андрэй Худык.

«Як бачым, нават калі Беларусь і ідзе на пляцоўку быццам не вострапалітычных тэмаў, фактычна, не нясе з сабой нічога новага: каб знялі санкцыі, далі фінансавую падтрымку і падтрымалі Астравецкую АЭС. Ва ўсім гэтым няма інавацыйнасці», – мяркуе Вадзім Мажэйка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кліматычны саміт 2022 года.
Фота: vernadsky.ru

Як адзначае эксперт, Кліматычны саміт і іншыя падобныя імпрэзы шырока выкарыстоўваюць кіраўнікі аўтарытарных краінаў, каб адвесці ўвагу ад палітычных забойстваў, тэрору і прававога бязмежжа. Нават сам кіраўнік Кліматычнага саміту – Султан Ахмэд альДжабэр, які адначасова кіруе Нацыянальнай нафтавай кампаніяй Абу-Дабі.

«Доктар Султан аль-Джабэр, прэзідэнт Кліматычнага саміту, аднойчы сказаў: “Кліматычныя змены – наш вораг, і мы мусім аб‘яднацца, каб перамагчы яго”», – так напярэдадні Саміту размаўляў з журналістамі прэзідэнт Арабскай моладзевай рады Буцці Алмгэйры.

Султана Ахмэда аль-Джабэра абвінавачваюць у выкарыстанні «зялёнага камуфляжу» – па-англійску «greenwashing». Гэта адмысловае адмыванне іміджу, з цэнзурай узгадавання ў медыях, з выкарыстаннем масы фэйкавых акаўнтаў сацыяльных сетках, у тым ліку каб схаваць тэму выкідаў метану ў атмасферу. І дзейнасць Султана – не выключэнне ў Дубаі.

«Дубай – гэта частка Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, якія ёсць аўтакратычнай федэрацыяй сямі каралеўстваў сямі шэйхаў. Там забароненыя палітычныя партыі і прафесійныя звязы. І вялікае пытанне, ці змогуць людзі пратэставаць падчас Кліматычнага саміту», – адзначае дырэктар аддзелу навінаў «Associated Press» у Іране і краінах Персідскай затокі Джон Гэмбрэл.

Таксама назіральнікі адзначаюць, што ў Дубай цяпер прыбывае ўсё больш расейскіх грошай на фоне вайны супраць Украіны.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»