Якія кліматычныя праблемы чакаюць чалавецтва?


Экалагічная драма. Толькі ў гэтым стагоддзі і ажно на 3 градусы Цэльсія можа павысіцца глабальная тэмпература. Змены клімату бачныя няўзброеным вокам. А рашучыя захады патрэбныя ўжо нават не цяпер, а былі патрэбныя ўчора.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Моцныя штормы на поўдні Бразіліі выклікалі паводку. Рэкі разліліся, некалькі вёсак сталіся адрэзанымі. Больш як трыццаць тысяч асобаў пацярпелі ад дажджоў і больш як паўтары тысячы былі эвакуяваныя.

Да нядаўніх катастрофаў, як прыродных, так і тэхнагенных, можна дадаць cмог і забруджанне таксічнаю пенаю ракі Ямуна ў Дэлі, а таксама паводкі ў Дамініканскай Рэспубліцы, Новай Гвінеі, Інданезіі, Грэцыі. Фермер з Грэцыі Васіліс Цямітас падлічвае шкоду ад разгулу стыхіі:

«Мой дом, 2 крамы – 2 прадпрыемствы, якія ў мяне ёсць, – затопленыя. У мяне больш няма машыны. Я пацярпеў ад паводкі. Што яшчэ сказаць? У мяне больш нічога няма!»

Паводле навукоўцаў, рост аб’ёмаў выкідаў парніковых газаў і павышэнне глабальнай тэмпературы на Зямлі паскарае кругазварот вады ў прыродзе. У адных рэгіёнах гэта прыводзіць да вялікай колькасці ападкаў і паводак, у іншых – да засухі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кліматычныя змены спрычыняюцца да стыхійных бедстваў.
Фота: pixabay.com

«Даволі вялікі адсотак розных кліматычных катаклізмаў ёсць вынікам дзейнасці чалавека, – пракаментаваў эколаг-актывіст Сяржук Герасімвоіч. – Таму што дзейнасць чалавека прыводзіць да парніковага эфекту, падтаплення, прыводзіць да апустыньвання».

Эколагі тым часам рыхтуюцца да сваёй галоўнай падзеі года: XXVIII канферэнцыі ААН на тэму змянення клімату, што пачнецца 30 лістапада ў Дубаі.

«Тое, што гэта адбываецца на Блізкім Усходзе, робіцца акурат для таго, каб былыя краіны трэцяга свету – а зараз даволі развітыя – далучыліся да гэтага вось руху», – лічыць Сяржук Герасімовіч.

Калі нічога не мяняць, то засухі, пажары, ураганы і паводкі стануць яшчэ больш разбуральнымі. Выкіды парніковых газаў неабходна спыніць ці паменшыць, інакш нас чакаюць непазбежныя пагрозы. Але цяпер у чалавецтва з’яўляецца чарговы (калі не апошні) шанц пазмагацца за сваю будучыню.

Марыя Брыль, «Белсат»