Адкуль бяруць грошы для «МотаВелаЗаводу»?


Дваццаць тры з паловай мільёны рублёў. Такая сума цягам трох гадоў пойдзе на мадэрнізацыю менскага «МотаВелаЗаводу». Паводле аб’ядання былых беларускіх сілавікоў «BELPOL», частка сродкаў з інавацыйнага фонду Менгарвыканкаму летась і сёлета ўжо паступіла на шматпакутнае прадпрыемства.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Чарговы ўкід грошай у мёртвае прадпрыемства. Усё гэта скончыцца як заўсёды. Раней гэтак жа ўлівалі грошы ў “Амкадор”, у дрэваапрацоўчаю прамысловасць. Выніку не будзе, але грошы засвояць», – мяркуе прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Адметна, што адрапартаваць пра паляпшэнне працы пасля гэткіх фінансавых уліванняў кіраўніцтва «МотаВелаЗаводу» плануе толькі пад канец дэкады – у 2029 годзе. Менавіта тады больш чым удвая плануюць павялічыць колькасць вырабленай прадукцыі. Долю лакалізацыі вытворчасці мяркуюць нарасціць да шасцідзесяці адсоткаў. А таксама – стварыць дадаткова сорак працоўных месцаў і больш чым удвая павялічыць падатковыя адлічэнні ў бюджэт.

«2029 год абраны нездарма, – разважае Уладзімір Жыгар. – Чым далей дэдлайн, тым вышэй верагоднасць, што Лукашэнка пра гэта забудзецца, сітуацыя ў краіне памяняецца, зʼявяцца нейкія дадатковыя фактары, на якія можна будзе спаслацца пры невыкананні паказнікаў».

Вынікі працы прадпрыемства асабіста ацаніў летась у жніўні Аляксандр Лукашэнка. Як выявілася, замест уласнабеларускага прадукту на прадпрыемстве займаліся зборкай ровараў ды матацыклаў з кітайскіх дэталяў.

У выніку Лукашэнка, які даўно апякуецца заводам, звольніў Мікалая Ладуцьку і на месца кіраўніка «МотаВелаЗаводу» прызначыў Сяргея Манько. З задачаю, каб завод урэшце рабіў прадукцыю.

Дзяржаўнае прадпрыемства «МотаВелаЗавод». Крыніца: wikipedia.org

«Цяпер па праграме лакалізацыі па Беларусі працуюць 14 прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у Міністэрства прамысловасці. Ёсць вопытныя ўзоры, вырабленае абсталяванне. Серыйная пастаўка камплектуючых пачнецца ў снежні», – справаздачыўся Манько ў кастрычніку.

«МотаВелаЗавод» спрабавалі мадэрнізаваць і раней. У 2007 годзе прадпрыемства ў пазыках прадалі бізнесмену Аляксандру Мураўёву. Прычым, як потым сцвярджаў сам Мураўёў, сапраўднага памеру пазык ён не ведаў. У 2015-м яго абвінавацілі ў правале мадэрнізацыі. Завод забралі, Мураўёва арыштавалі.

«Пры Мураўёве завод вырабляў у пяць разоў больш прадукцыі чым зараз пры дзяржаўным кіраўніцтве. Якім бы ні быў дрэнным спадара Мураўёў, але ён рабіў справу. Гэта быў нармальны завод з поспехамі або без. А цяпер мы маем нейкую істоту, якая цягне грошы і нічога не робіць», – кажа бізнесовец, вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч.

Аляксандра Мураўёва ў выніку асудзілі на адзінаццаць гадоў зняволення за нібыта крадзяжы, няплату падаткаў ды іншыя злачынствы. Ён адседзеў больш за сем гадоў і вызваліўся сёлета. Цяпер жыве за мяжою.

Ян Федаровіч, «Белсат»