Мінадукацыі мяняе падыход да замежных моваў


Замежныя мовы ў беларускіх школах будуць вывучаць без прывязкі да культуры і гісторыі краінаў, з якіх яны паходзяць. Так бы мовіць, наватарскім падыходам падзяліўся намеснік міністра адукацыі. Што думаюць пра гэтае рашэнне незалежныя эксперты? Чаму шмат якія беларусы, скончыўшы школу, не могуць вольна размаўляць з замежнікамі? Як стан адукацыі адаб’ецца на будучыні краіны? 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Брытанскі сцяг у школьных кабінетах замежных моваў дамінуе над дзяржаўным беларускім, але гэта выпраўляецца – заявіў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай. І анансаваў новы падыход да навучання.

«У замежных мовах – мы ўжо дамовіліся, вызначыліся з выкладчыкамі – трэба не вывучаць, занураючыся ў гісторыю і культуру носьбітаў мовы, а ведаць пра сваю культуру і гісторыю на замежнай мове. І няма ў гэтым нічога дрэннага. Гэта, наадварот, карысна», – кажа намеснік міністра.

Мова – гэта аблічча краіны, яе гісторыі і культуры, таму нельга вучыць яе па-за кантэкстам, кажа выкладчыца Хэлена Смоляк.

«У першую чаргу размаўляць пра гісторыю і культуру Беларусі трэба на ўроках па-беларуску. Бо ў беларускіх школах дагэтуль гісторыя Беларусі выкладаецца па-расейску. На маю думку, ад гэтага трэба пачынаць. А не прыбіраць сцягі Вялікай Брытаніі і чырвоныя аўтобусы з класаў», – мяркуе Хэлена Смоляк.

Дарэчы, цалкам на беларускай мове адукацыю пазалетась атрымлівалі меней за 10 адсоткаў дзяцей – навейшых звестак няма. Што да замежных моваў, то шмат хто так ці інакш не задаволены якасцю іх выкладання ў школах – сведчыць апытанне ў сацсетках «Белсату». Адна з прычынаў – брак практыкі, упэўненая Хэлена Смоляк.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

«Людзі не глядзяць на ўроках або па-за ўрокамі нейкія серыялы па-англійску, не ладзяць дыскусіі на англійскай мове, якія дазвалялі б паглыбляць свае веды і больш практыкавацца», – тлумачыць Хэлена Смоляк.

«Найгорш тое, што, напрыклад, англійская мова – гэта міжнародная мова стасункаў, назапашвання ведаў і велічэзнай колькасці міжнародных праектаў і бізнесаў. Гэта значыць, што мы моцна шкодзім развіццю ўсёй індустрыі», – мяркуе былы выкладчык БДУ і былы працаўнік Нацыянальнага інстытуту адукацыі Яраслаў Кот.

У занядбанне прыходзіць не толькі выкладанне моваў, але агулам сістэма адукацыі, мяркуе былы выкладчык.

«Як бы мы ні супраціўляліся ўсе гэтыя гады, краіна скачваецца да ўзроўню Лукашэнкі. А ягоны ўзровень невысокі – гэта ўзровень бандыта з 90-х гадоў. І Лукашэнка не дае краіне адысці ад яго. Тое самае і з Пуціным. Яны не даюць грамадскаму прагрэсу перагнаць іх. Яны замаруджваюць краіну», – кажа Яраслаў Кот.

Аднак пакуль у Беларусі даступны інтэрнэт – застаецца магчымасць авалодваць замежнымі мовамі і кантактаваць з цывілізаваным светам, падкрэслівае наш суразмоўца.

Валянцін Васіленка, «Белсат»