Турцыя пасля выбараў: паліцыя разганяла дэманстрантаў вадамётамі


Вадамётамі паліцыя разганяла дэманстрантаў, якія не пагадзіліся з вынікамі выбараў у Турцыі. Акцыю пратэсту паспрабавалі правесці ў правінцыі Хакяры, на паўднёвым усходзе краіны, дзе Эрдаган набраў усяго 28 адсоткаў галасоў. Яшчэ ніколі выбарчая кампанія ў Турцыі не была такая напружаная. Упершыню за 20 гадоў шанец на поспех быў у апазіцыі. Аднак пераламаць сітуацыю не ўдалося. Эрдаган падоўжыў сваё перабыванне ва ўладзе яшчэ на пяць гадоў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы не адзіныя пераможцы. Пераможца – Турцыя, пераможца – нашая нацыя з усімі ейнымі сегментамі, пераможца – нашая дэмакратыя», – заявіў Рэджэп Эрдаган.

Ягоны супернік Кемаль Кылычдараглу набраў амаль 48 адсоткаў галасоў супраць крыху больш за пяцьдзясят два адсоткі Эрдагана. Апазіцыя не лічыць выбары дэмакратычнымі. Але пры гэтым вынікі галасавання аспрэчваць не стала.

«Як ваш сябар, сын, дзядзька і, перш за ўсё, як чалавек гэтай зямлі, я заўсёды змагаўся за вашыя правы, за ваш закон, каб вы не крыўдзіліся адзін на аднаго, каб вы маглі жыць у міры і дабрабыце. І я буду працягваць змагацца за гэта», – зазначыў Кемаль Кылычдараглу.

Паводле палітолага Дзмітрыя Брыджэ, прэзідэнт Турцыі ўтрымлівае лідарства дзякуючы кансерватыўным поглядам у большасці рэгіёнаў:

«Цэнтральная Турцыя. Там жывуць людзі больш рэлігійных і кансерватыўных поглядаў, і гэты электарат увесь час застаецца вызначальным для Эрдагана, нягледзячы на электарат такіх вялікіх гарадоў, як Стамбул, Анкара, Анталія, дзе большасць людзей галасуе за апазіцыю».

Рэджэп Таіп Эрдаган на мітынгу пасля перамогі ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў. Анкара, Турцыя. 28 траўня 2023 года.
Фота: Recep Tayyip Erdoğan / Twitter

На думку палітолага, наступныя пяць гадоў кіравання Эрдагана ў Турцыі будзе працягнутая тая ж палітыка, але, магчыма, з новаю рыторыкаю:

«Палітыка Эрдагана, магчыма, неяк зменіцца. Але мы бачым парадак дня антызаходні, антыамерыканскі, які прасоўвае Эрдаган і тая партыя, якая з ім у альянсе, “Партыя нацыяналістычнага руху”, якая выступае за цюркскі свет».

Наўрад ці варта чакаць зменаў з боку Турцыі і ў стаўленні да Украіны, лічыць палітолаг Пятро Алэшчук. Паводле яго, Эрдаган працягне пазіцыянаваць сябе як пасярэдніка паміж Украінай і Расеяй.

«Турцыя, Эрдаган карыстаюцца значным узроўнем ізаляцыі Расеі, скіроўваюць на сябе многія кірункі адносінаў Расеі з навакольным светам, атрымліваючы ад гэтага вельмі сур’ёзную эканамічную выгаду, – зазначыў Алэшчук. – Турцыя ніколі не выступала супраць таго, каб прадаваць зброю Украіне. Прычым яна рабіла гэта яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання».

Пакуль Эрдаган абяцае залатыя горы, на вынікі выбараў ужо адрэагавала нацыянальная валюта Турцыі. На раніцу панядзелка ліра абвалілася рэкордна нізка. Перамога Эрдагана не задавальняе ніводнага замежнага інвестара, адзначаюць аналітыкі. Высокая інфляцыя і адсутнасць валютных рэзерваў вельмі хутка могуць увагнаць Турцыю ў сурʼёзны крызіс.

Ян Федаровіч, Юлія Войнар, «Белсат»