Польшча ўвяла чорны спіс супраць «драконаўскіх прысудаў» 


За «драконаўскі прысуд» Анджэю Пачобуту – нацыянальныя санкцыі ў сотні датычных. Яшчэ 365 грамадзянаў Беларусі трапілі ў новы чорны спіс Польшчы. Сярод іх – 159 дэпутатаў Нацыянальнага сходу, падкантрольных Аляксандру Лукашэнку, якія не трапілі пад ранейшыя санкцыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Такім чынам пад санкцыі трапляюць усе чальцы беларускага парламенту. Абмежаванні таксама датычацца суддзяў (76 асобаў), пракурораў (7 асобаў), прадстаўнікоў адміністрацыі мясцовага ўзроўню (32 асобы), службоўцаў і працаўнікоў сілавых структураў (28 асобаў)», – паведаміла Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы.

У чорным спісе і 23 працаўніка дзяржаўных СМІ, якія займаліся прапагандай, 24 спартовыя дзеячы, якія падтрымлівалі рэжым Лукашэнкі, 8 працаўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў, і нават 8 дзеячаў культуры і навукі.

«Аб’яднаны пераходны кабінет, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне пры падтрымцы каманды “BYPOL” уносіла прапановы аб увядзенні нацыянальных санкцыяў Польшчы адносна 201 грамадзяніна Беларусі, звязанага з рэпрэсіямі адносна беларусаў, так і грамадзянаў Беларусі, прадстаўнікоў польскай меншасці», – заявіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Анджэй Пачобут – гарадзенскі журналіст польскага паходжання – толькі адзін з пацярпелых ад дзеянняў рэжыму Лукашэнкі ад 2020 года. Гарадзенскі суддзя Дзмітрый Бубенчык на сакрэтным працэсе пасадзіў яго на 8 гадоў узмоцненага рэжыму за выказванні і артыкулы на гістарычныя і грамадска важныя тэмы. Вярхоўны суд таксама на засакрэчаным працэсе адхіліў апеляцыю на вырак.

Анджэй Пачобут на судзе ў Горадні, Беларусь. 16 студзеня 2022 года.
Фота: belta.by

«Азначаныя асобы таксама займаліся зборам матэрыялаў і вядзеннем справаў, датычных удзелу беларусаў у прадэмакратычных пратэстах. Асобы з санкцыйнага спісу, між іншага, адказваюць за ўжыванне фізічных і псіхалагічных катаванняў, збіцця, запужвання, а таксама за дыскрымінацыю польскай меншасці. Таксама гэтыя асобы былі заангажаваныя ў знішчэнне ў Беларусі польскіх могілак і помнікаў», – паведаміла ў панядзелак Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы.

Але Варшава рэагуе не толькі на справу Пачобута. У чорны спіс трапілі бізнесоўцы, звязаныя з расейскім капіталам: 15 расейцаў і 1 беларус.

«Гэтае рашэнне зʼяўляецца формай адказнасці за масавыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Польшча дэманструе прыклад Еўрапейскаму звязу, як неабходна паступаць адносна злачынцаў, якія здзяйсняюць злачынствы супраць чалавечнасці і рэпрэсуюць беларусаў», – падкрэсліў Павел Латушка.

Адказныя за рэпрэсіі і катаванні не змогуць трапіць на тэрыторыю Польшчы і краінаў Шэнгенскай зоны. Будуць замарожаныя іх грошы і актывы ў Польшчы.

«Гэта важны жэст салідарнасці з Анджэем Пачобутам і ўсімі беларусамі, якія пакутуюць ад рук рэжыму. Усе палітычныя зняволеныя павінныя быць вызваленыя з турмаў без аніякіх умоваў. Гэта таксама пасланне ўсім тым, хто падтрымлівае рэжым на сваіх пасадах і сваімі дзеяннямі. Мы спадзяемся, што іншыя краіны таксама возьмуць сабе гэты прыклад і вінаватыя ў палітычных прысудах панясуць адказнасць за свае дзеянні», – заявіла абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

Пад санкцыі трапілі і арганізатары масавай нелегальнай міграцыі праз Беларусь у Польшчу і краіны Балтыі.

І літаральна за некалькі хвілінаў да нашага выдання Польшча ўвяла забарону на рух грузавога транспарту, зарэгістраванага ў Беларусі і ў Расеі. Забарона ад польскага Міністэрства ўнутраных справаў будзе доўжыцца неакрэслены тэрмін і датычыцца грузавікоў, цягачоў, фураў, прычэпаў і аўтацягнікоў, якія ўязджаюць з тэрыторыі Беларусі. То бок Калінінградскай вобласці гэты працяг санкцыяў пакуль не датычыцца.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»