Аляксандр Вальфовіч: ядравая зброя гарантуе камфорт беларусаў


Заходнія суседзі Беларусі нарошчваюць узбраенне, ствараецца наступальная групоўка, паведамляе дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч у эфіры ОНТ. Выдаткі на вайсковыя патрэбы былі б завялікія, таму атам – адзіны выхад, які бачаць чыноўнікі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Людзі прызвычаіліся жыць у камфорце, цывілізавана, прыгожа. Адным з элементаў стратэгічнага стрымання ў вайсковым плане безумоўна з’яўляецца ядравая зброя», – упэўнены Аляксандр Вальфовіч.

Асаблівую небяспеку бачаць ад Польшчы. Сёлета прыкладна 4% валавога ўнутранага прадукту, паказніку камфорту, заходняя суседка нашай краіны плануе выдаткаваць на войска. Але Польшчы прагназуюць рост ВУП, а вось Беларусі – падзенне. То ці сапраўды камфорт грамадзянаў на першым месцы?

«Вядома, што не. Вальфовіч выдатна ведае стан беларускага войска. Акрамя таго ён ведае, колькі грошай трэба ў гэта ўкласці, а таксама колькі грошай трэба ўкласці ў падрыхтоўку інфраструктуры для тактычнай ядравай зброі», – адказвае палітолаг і спецыяліст у справе нацыянальнай бяспекі Аляксандр Казак.

І калі Вальфовіч сцвярджае, што Беларусь не хоча выдаткоўваць на ўзбраенне, то лічбы з ім не пагодзяцца. Выдаткі на абарону растуць. Летась яны павялічыліся амаль на 8% у параўнанні з 2021 годам. Тады навошта ў Беларусь едзе ядравая зброя?

Дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч. Фота: modmilby / Telegram
Дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч.
Фота: modmilby / Telegram

«Тут згадваюцца словы Лукашэнкі з таго часу, калі ён даваў інтэрвʼю спадарыні Сабчак. Ён сказаў: “Калі кладуць на стол, то як не ўзяць?” Прыкладна падобная сітуацыя, толькі ў яго шанцаў адмовіцца не было. Тут усе эксперты кажуць пра тое, што гэтая зброя была яму навязаная, накінутая», – лічыць Аляксандр Казак.

Дзяржсакратар Савету бяспекі не думае, што Захад пяройдзе мяжу, але паведамляе, што гатовы выкарыстаць ядраваю зброю. Толькі вось на падпісанні дакументаў міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу нагадаў Віктару Хрэніну, што менавіта Расея прымае рашэнні наконт зброі.

«Расейская ядравая зброя ў чымсьці, можа, Беларусь і абараняе, але ў чымсьці яна, наадварот, Беларусь падстаўляе, бо відавочна, што цяпер Беларусь стала мэтай у тым ліку для патэнцыйных ядравых удараў ворагаў Расеі. Мякка кажучы, нікога з беларусаў такая перспектыва не можа парадаваць», – кажа каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка.

Таксама ў эфіры ОНТ Аляксандр Вальфовіч патлумачыў, навошта з 5 траўня на расейскай мяжы пачаўся памежны кантроль:

«Ні ў якім разе не зачыняліся ад нашых стратэгічных партнёраў Расейскай Федэрацыі. Але разумеем цудоўна, што як такой мяжы з ёю няма, таму што гэта нашыя саюзнікі. Ну, гэта было накіравана ў першую чаргу для запэўнівання бяспекі людзей як на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, так і на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі».

А вось міністр замежных справаў Сяргей Алейнік назваў гэта маніторынгам. Але ж памежнікі спраўджваюць дакументы. А паводле выдання «Флагшток», беларусаў, якія трапляліся раней сілавікам, адводзілі на размову.

«Відавочна, што Расея не пільнуе нармальна сваёй мяжы. Праз мяжу Расеі праходзяць украінскія дыверсійныя групы. Пасля ўсіх падзеяў у Белгародскай вобласці, калі там ужо не толькі беспілотнікі лётаюць, але і ўзброеныя людзі ўчыняюць нейкія напады, не дзіва, што гэта хвалюе Беларусь. І не дзіва, што Лукашэнка б не хацеў, каб нейкія, напрыклад, каліноўцы гэткім жа чынам трапілі ў Беларусь», – тлумачыць Вадзім Мажэйка.

Умацавалі і мяжу з Украінай. За 20 кіламетраў ад яе зʼявіліся абарончыя збудаванні. Некаторыя акопы выкапаныя менш як за 10 метраў ад агароджаў жылых дамоў. А так званыя «зубы цмока», якія б мусілі спыніць танкі, маюць толькі 300 метраў даўжыні.

Яна Шэк, «Белсат»