Падлога лядовага палацу не вытрывала?


Лядовы палац у Светлагорску недасяжны для масавых катанняў на каньках. Мясцовыя чыноўнікі патлумачылі: у арэне трэба мадэрнізаваць падлогавае пакрыццё. Пры тым, што адкрылі аб’ект зусім нядаўна – 31 студзеня.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Візуальна яно выглядае нібы пабудаванае, а ўнутры, ужо падчас эксплуатацыі, становіцца зразумела, што ёсць пытанні. Што штосьці недаробленае, штосьці зробленае не так і трэба перапрацоўваць», – мяркуе былы чыноўнік Берасцейскага аблвыканкаму Арцём Брухан.

Адкрывалі лядовы палац урачыста. А значнасць гэтай падзеі падкрэслівалі прапагандысты.

Будаваць лядовую арэну ў Светлагорску пачалі ў 2011 годзе. Але хутка абʼект закансервавалі. У 2020 годзе падчас візіту Лукашэнка паабяцаў мясцовым жыхарам вырашыць пытанне з даўгабудам.

Даручэнне Лукашэнкі пачалі выконваць толькі ў 2022-м, але праект скарэктавалі, выбраўшы больш танныя матэрыялы. Прынамсі, замест алюмініевых панэляў абшылі будынак металапрофілем. Хаця праз месяц пасля адкрыцця фасад лядовага палацу ўпрыгожылі панэлямі пад дрэва. Ды і ўвесці абʼект у эксплуатацыю ў запланаваны тэрмін – да канца 2023 года – не паспелі.

Лядовы палац у Светлагорску.
Фота: тэлеграм-канал старшыні аблвыканкаму

«Вельмі важна не праляцець з тэрмінамі. Таму што калі чыноўнік парушае тэрміны, якія пастаўленыя ці самім Лукашэнкам ці яго адміністрацыяй, ну, гэта для яго карʼеры вялікая праблема», – дадаў Арцём Брухан.

Распараджэнні Лукашэнкі для чыноўнікаў – больш чым загад. Пацвярджае гэта і яшчэ адзін прыклад. Днямі падчас візіту на Ашмяншчыну Лукашэнка паабяцаў пасадзіць у турму свайго нібыта інспектара на Гарадзеншчыне і былога кіраўніка МУС Юрыя Караева. Каменем спатыкнення сталі камяні.

На пагрозу Лукашэнкі адрэагавалі амаль неадкладна. Збіраць камяні на палях Ашмянскага раёну выйшлі не толькі аграрыі. На дапамогу ім даслалі вайскоўцаў, працаўнікоў прадпрыемстваў і студэнтаў. Паводле каардынатара «Нашай візіі» Вадзіма Мажэйкі, падобныя факты характарызуюць самога Лукашэнку як кіраўніка:

«Значыць, ён няздольны пабудаваць сістэму, якая будзе сама гэта рабіць. Ды вельмі простая прычына – гэта негатыўная селекцыя кадраў, калі на месцы трапляюць не самыя лепшыя і не самыя эфектыўныя. А тыя, хто здольны, хто гатовы працаваць на дрэнных заробках, у прыніжальнай сістэме».

Збіранне камянёў у сённяшняй Беларусі выкарыстоўваецца ледзь не як пакаранне. Летась на гэткую працу скіравалі футбалістаў клубу «Тарпеда-БелАЗ». Прычына – каманда тады паказала кепскія вынікі – выбыла з Лігі канферэнцыяў і згуляла пяць бязвыйгрышных матчаў у чэмпіянаце Беларусі.

Ірына Юрʼева, «Белсат»