У Беларусі адкрылі чарговы лядовы палац


У Светлагорску – дэсант топ-чыноўнікаў: з Гомля, Менску і нават з расейскага Бранску. І нагода нібыта ёсць. На мапе Беларусі – чарговы лядовы палац. Сорак пяты, пішуць прапагандысты, спасылаючыся на Нацыянальны алімпійскі камітэт. Сорак шосты – сцвярджаюць у артыкуле на сайце Федэрацыі хакею. Пры гэтым у раздзеле «Лядовыя арэны» згадваюць 34 лядовыя палацы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Адбываецца чарговая кампанейшчына, якая падпарадкоўваецца волі фактычна аднаго чалавека. Калі б Лукашэнка не быў аматарам хакею, напрыклад, гуляў бы ў баскетбол, то былі б баскетбольныя пляцоўкі па ўсёй краіне. Пры гэтым меркавання мясцовых жыхароў, натуральна, ніхто не запытваецца», – зазначае старшыня руху «За свабоду», былы дэпутат мясцовага савету Юрый Губарэвіч.

Будавалі светлагорскі палац у найлепшых савецкіх традыцыях. Даручэнне самаабвешчанага прэзідэнта, пасля 10 гадоў кансервацыі, і зноў жа з падачы Лукашэнкі доўгабуд зрабіўся будынкам. Выданне «Флагшток» зазначае:

«Знік другі паверх з панарамным шкленнем. Дзеля эканоміі нават адмовіліся ад квадратных алюмініевых панэляў. Замест іх – абшыўка з таннага металапрофілю, такім звычайна абшываюць павільёны на прыпынках».

Прапагандысты не кажуць, што адкрыць палац меліся яшчэ летась. Але адкрылі сёлета. І ці адкрылі ўвогуле? Знайсці тэлефонны нумар у інтэрнэце няпроста, тэлефануем у Светлагорскі райвыканкам.

«Лядовага палацу няма яшчэ. Там нічога не праведзена. Яшчэ ён для масавых катанняў не адкрыты», – адказваюць у аддзеле спорту і турызму райвыканкаму.

Нічога кепскага ў развіцці спартовай інфраструктуры няма, кажуць нашыя эксперты. А лядовая арэна сапраўды можа быць карысная для развіцця дзіцячага хакею ў 63-тысячным Светлагорску. Але ці лядовы палац – патрэба нумар адзін?

«У горадзе ёсць шмат праблемаў, якія трэба першапачаткова вырашаць. Напрыклад, дарогі, тратуары, наяўнасць пандусаў, уладкаванне гораду», – мяркуе грамадская актывістка, былая жыхарка Светлагорску Алена Маслюкова.

Шклоў – 15 тысяч жыхароў, Пружаны – 19 тысяч, Астравец – 14 тысяч, Івацэвічы – 22 тысячы, і Лунінец – 23. У кожным з гэтых гарадоў ёсць лядовы палац.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лядовы палац у Бабруйску.
Фота: bobruiskarena.by

«Лядовыя палацы кладуцца цяжарам на мясцовыя бюджэты, гэта не толькі пытанне самой пабудовы, але і падтрымання гэтай інфраструктуры. І вельмі часта не пралічваецца нават патэнцыйная колькасць наведнікаў такіх установаў», – кажа Юрый Губарэвіч.

Лядовыя арэны – добра, але гэта яшчэ не ўсё, што патрэбна дзеля развіцця хакею, кажа экс-дырэктар ХК «Лакаматыў» (Ворша) Яўген Мазура:

«Так званы прэзідэнт робіць выгляд, што займаецца хакеем, бо насамрэч, наколькі я валодаю сітуацыяй, і наўрад ці там нешта змянілася, то, хто хутчэй дабег, сваю пазіцыю паказаў, той і мае рацыю. Калісьці Міхаіл Захараў бегаў, Дзмітрый Баскаў цяпер бегае».

Чацвёртае месца на Алімпіядзе ў 2002, шостае на чэмпіянаце свету ў 2006, а ў 2009 – самая высокая ў гісторыі, восьмая, пазіцыя ў рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі хакею. Цяпер жа, нягледзячы на дзясяткі лядовых палацаў ва ўсёй краіне, пра такія вынікі можна толькі марыць.

Алесь Яшчанка, «Белсат»