Міжнародная ізаляцыя і санкцыі адкінуць беларускі спорт далёка назад


Некаторыя чыноўнікі Аляксандра Лукашэнкі пачынаюць разумець усе наступствы санкцыяў супраць спартовай індустрыі Беларусі і тое, як доўга давядзецца вяртаць страчаныя пазіцыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Alexander Zemlianichenko / Pool / AP Photo / East News

Праўда, не ўсе пакуль гатовыя пра гэта гаварыць, але вось былы міністр спорту загаварыў. Яўген Ворсін кіраваў беларускім спортам з 1999 да 2003 года, а цяпер 75-гадовы чыноўнік працуе дзяржаўным трэнерам па хакеі, то бок адказвае за ўвесь гэты від спорту. І вось на гэтым тыдні на адным з прапагандысцкіх каналах Ворсін заяўляе, што Беларусь фактычна пазбавілася магчымасці выступіць на Алімпіядзе-2026.

«На Алімпійскія гульні 2026 года ў хакеі ўжо ні пад якой падліўкай не трапім»

«IIHF нас фактычна адлучыў ад трэцяга чэмпіянату свету запар. На жаль, на Алімпійскія гульні 2026 года мы ў хакеі ўжо ні пад якой падліўкай не трапім. Уся рэч у тым, што па выніках гэтага чэмпіянату свету ўжо сфармуецца кагорта камандаў, якія змогуць прэтэндаваць на алімпійскую кваліфікацыю. Нават калі ў сакавіку 2024 года федэрацыя чыста гіпатэтычна дапусціць нас да міжнародных турніраў, то мы зможам заявіцца толькі на ЧС-2025. Да таго часу склад удзельнікаў і спаборнікаў за пуцёўкі на італьянскую Алімпіяду будзе ўжо вызначаны», – кажа Ворсін.

І тут жа вінаваціць новага кіраўніка Міжнароднай федэрацыі хакею Люка Тардыфа. Мінулы бос IIHF кіраваў сусветным хакеем 17 гадоў і быў заўважаны ў сяброўстве з дыктатарамі. У прыватнасці, у Рэнэ Фазэля былі цёплыя адносіны з Лукашэнкам. Фазэль быў вымушаны пайсці ў адстаўку на фоне скандалу, пасля чаго атрымаў расейскае грамадзянства.

«Вось той жа Люк Тардыф… Можна па-рознаму ставіцца да Рэнэ Фазэля, што ён добразычліва ставіўся да Расеі, Беларусі, але ў яго заўсёды была пазіцыя, з ім лічыліся. А што робіць Люк? Ён на пачатку працэсу спачатку заяўляе, што і Расея, і Беларусь на наступны чэмпіянат свету вернуцца адразу ў найвышэйшы дывізіён. Мы ўзрадаваліся. І раптам заява: не будзе на чэмпіянаце свету ні Расеі, ні Беларусі, а мы проста паводле міжнароднага рэйтынгу дадзім Расеі 1020 пунктаў і Беларусі – 860. Я адразу разумею, што такое гэты рэйтынг. Калі мы тры чэмпіянаты свету запар прапусцім, які ў нас рэйтынг будзе? Куды мы трапім з 16–18-й пазіцыі?» – кажа Ворсін.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: championat.com

Насамрэч сітуацыя для беларускага хакею выглядае куды горш. 16–18-ае месца – гэта мяжа двух наймацнейшых дывізіёнаў. Калі лічыць, што Беларусь дапусцяць да сусветнага хакею ў 2025 годзе (што вельмі сумнеўна), то для вяртання на ранейшы ўзровень спатрэбіцца мінімум чатыры гады. Напрыклад, незалежная Беларусь пачала гуляць на чэмпіянатах свету ў 1992 годзе, а да наймацнейшага дывізіёну дабралася толькі ў 1998 годзе, то бок праз шэсць гадоў.

Нагадаем, што санкцыі супраць беларускага спорту ўвялі вясною 2022 года за падтрыманне вайсковай агрэсіі Расеі супраць Украіны.

Беларускі футболу застаўся ў еўрапейскай сям’і

А вось беларускаму футболу пашанцавала крыху больш. Ён застаўся ў еўрапейскай сям’і, але клубы і зборная не могуць праводзіць хатніх гульняў на тэрыторыі Беларусі, а павінны гуляць іх на нейтральных палях і без гледачоў. Часцей за ўсё гэта Сербія або Арменія. Як вынік, беларускія клубы ў мінулым сезоне занялі апошнія месцы ў Еўропе. Нацыянальная зборная заняла апошняе месца ў сваёй групе ў Лізе нацыяў, апошняе месца ў адборачным турніры чэмпіянату свету, мела правальны старт у адборачным турніры чэмпіянату свету з паразамі 0:5 ад Швейцарыі і 1:2 ад Румыніі. Больш за два гады зборная Беларусі не можа перамагчы на афіцыйным узроўні.

«Гэта вельмі паказальна. У адрозненне ад хакеістаў ці гандбалістаў, беларускіх футбалістаў пакінулі ў еўрапейскай сямʼі, але сваімі вынікамі яны паказваюць усю дэградацыю сістэмы, пабудаванай Лукашэнкам, і гэта выдатны кейс, – кажа ў размове з «Белсатам» беларускі спартовы журналіст.

Ён адзначае: відавочна, што нават у спорце няма нават намёку на сумленную спартовую барацьбу. «У футболе ўжо ключавыя рашэнні прымаюць сілавікі, вось Лукашэнка захацеў, каб чэмпіёнам стала менскае «Дынама», не сумнявайцеся, яно стане, але на выхадзе ў Еўропу ўсё будзе бачна», – адзначае наш суразмоўца.

Фактычна ў сённяшняй сітуацыі ў беларускіх камандаў не застаецца іншага выбару, апроч як гуляць з прадстаўнікамі Расеі, Ірану або Кітаю. Напрыклад, у мужчынскім гандбольным чэмпіянаце Беларусі ў гэтым сезоне выступаў кітайскі клуб.

«Без дэмакратызацыі вяртанне ў вялікі спорт будзе адбывацца скрайне доўга»

У беларускім спорце становіцца ўсё менш грошай, у клубы за рэдкім выключэннем не едуць гульцы з усяго свету (пакінем за дужкамі хакейнае менскае «Дынама» і гандбольны клуб імя Мяшкова з Берасця, зрэшты, і яны ўжо адчуваюць ізаляцыю). Фактычна мы коцімся туды, адкуль прыйшлі ў 1990-я гады. Пра гэта ў інтэрвʼю «Белсату» разважае кіраўнік Фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін.

«Без дэмакратызацыі вяртанне ў вялікі спорт будзе адбывацца або скрайне доўга, або скрайне беспаспяхова. Мы зараз кажам пра тэрміны ад пяці гадоў. Не менш. Гэта калі заўтра адбываецца грамадская кансалідацыя, то толькі праз пяць гадоў мы да нейкага стану 2018–2019 года неяк крыху-крыху падыдзем. І тое не факт. А так, хутчэй, будзем вяртацца і дзесяць гадоў. Зноў жа, падкрэслю, калі ўжо заўтра грамадства прачнецца і аб’яднаецца. Пры тым што будуць працаваць выключна прафесіяналы. Рэальныя прафесіяналы. Рэальна распачне развівацца спонсарскі рынак, вернуцца на працу прафесійныя функцыянеры, тады асяроддзе пачне ажываць», – прагназуе Апейкін.

Цяпер жа няма сумневу, што рэжым Лукашэнкі, супраць якога ўвялі санкцыі і які загнаў краіну ў міжнародную ізаляцыю, знішчае беларускі спорт.

АС belsat.eu

Стужка навінаў