Паставіць эндапратэз у Беларусі: БРЦ распавёў пра чэргі і цэны


Паўгода адводзіў Лукашэнка чыноўнікам, каб навесці парадак з заменаю буйных суставаў беларусам, якія маюць у гэтым патрэбу. Прынамсі, разабрацца з вялікімі чэргамі на аперацыі. Ці ўдалося чыноўнікам палепшыць сітуацыю з лістамі чакання, распавёў Беларускі расследавальніцкі цэнтр у сваёй новай працы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Напрыклад у 6-й больніцы Менску чарга на замену каленнага сустава не скарацілася, а наадварот – вырасла на 1069 чалавек, ці амаль у 1,5 раза», – распавядаюць у БРЦ.

У верасні 2022-га Міністэрства аховы здароўя вызначыла, што ўсе закупы эндапратэзаў мусяць ісці праз дзяржаўную «Белмедтэхніку». Амаль за паўгода да гэтага ў Беларусі распачалі гэтак званую справу артапедаў. Фігурантамі яе сталі трыццаць пяць дактароў, якіх абвінавацілі ў атрыманні хабару. З цэнтралізацыяй закупаў у дзяржаўныя клінікі вярнуліся імпартныя эндапратэзы. Але цэны на іх выраслі, падлічылі журналісты-расследавальнікі:

«Індыйскія пратэзы “Белмедтэхніка” купляе ад 2 000 да прыкладна 4 500 рублёў за камплект. Швейцарскія – ад 2 500 да амаль крыху больш за 5 500 рублёў. У той жа час беларусам, якія дачакаліся сваёй чэргі на замену сустава, прапануюць заплаціць за пратэзы амаль у 2,5 раза больш, чым за яго заплаціла “Белмедтэхніка”: 9 000 ці 6 000 рублёў адпаведна».

Пацыенты плацяць больш, а хто на гэтым зарабляе? Паводле дадзеных Беларускага расследавальніцкага цэнтру, лідаруе ў спісе пастаўляльнікаў кампанія «Neotech Solutions» – летась «Белмедтэхніка» закупіла ў яе амаль палову ўсіх эндапратэзаў. Пры гэтым фірма з устаўным капіталам дваццаць долараў і амерыканскаю прапіскаю толькі рэалізуе індыйскія імпланты.

«Кампанія была створаная незадоўга да “справы артапедаў” – прынамсі, актывізавалася да “справы артапедаў”. І фактычна яна выконвае ролю такой пракладкі для таго, каб прыбыткі ад пастаўкі эндапратэзаў у беларускія больніцы ішлі людзям, набліжаным да палітычных элітаў Беларусі», – распавёў кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Медсястра Ірына. Менск, Беларусь. 06 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Такую ж функцыю фірмы-пракладкі, паводле Станіслава Івашкевіча, выконвае і швейцарская кампанія «HAB Invest» бізнесоўца Гэрмана Александэра Бэйлера, палітычна блізкага да рэжыму Лукашэнкі. Але цэнтралізацыя закупаў мае не толькі карупцыйны чыннік, адзначыў эксперт. Амаль траціну рынку эндапратэзаў у Беларусі займае айчынны вытворца – кампанія «Алтымед».

«Аднак праблема ў тым, што, як нам распавялі адмыслоўцы фонду “BYMEDSOL”, гэта распрацоўкі 90-х гадоў. І пасля гэтага яны не бачылі істотных паляпшэнняў у гэтых распрацоўках», – адзначыў Станіслаў Івашкевіч.

Але ніякая цэнтралізацыя закупаў ды прымусовыя захады ад рэжыму не палепшаць сітуацыю з эндапратэзаваннем, мяркуе траўматолаг Аляксей Носаў:

«Усяго толькі скарачэнне койка-дзён знаходжання ў постаперацыйным перыядзе ў больніцы адпаведна можа палепшыць сітуацыю. Гэта па-першае. Па-другое – вядома, кадры. Людзі не могуць працаваць на знос».

Пры гэтым цалкам зліквідаваць чэргі на эндапратэзаванне немагчыма, адзначыў эксперт. Бо попыт на такія аперацыі ёсць заўсёды. Пра гэта ж кажуць і чыноўнікі ад аховы здароўя ў Беларусі.

Ірына Юр’ева, «Белсат»