Літва зраўняе беларусаў у правах з расейцамі?


Міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце зноў узняла пытанне ўніфікацыі санкцыяў супраць грамадзянаў Беларусі і Расеі: «Лічу, што трэба вярнуцца да гэтых дыскусіяў і яшчэ раз пагаварыць з парламентарыямі, бо ёсць новыя абставіны, якія неабходна ацаніць».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гэткую заяву яна зрабіла наўздагон інфармацыі Дэпартаменту дзяржаўнай бяспекі Літвы. Напярэдадні кіраўнік ведамства Дарус Яўнішкіс паведаміў, што КДБ Беларусі павялічыў сваю актыўнасць на тэрыторыі краіны да «гістарычных вышынь».

«Думаць пра тое, што беларускі КДБ нічога ў Літве не рабіў, а цяпер штосьці рэзка пачаў, ці то, што ўвесь гэты час літоўскія спецслужбы нічога не заўважалі, а тут рэзка заўважылі, не варта. Таму гэта, магчыма, такая свайго кшталту аператыўная гульня, у якой на гэты раз ужо больш актыўна хочуць удзельнічаць літоўскія спецслужбы», – патлумачыў прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Пакуль жа ў літоўскага боку няма інфармацыі, што спецслужбы Беларусі спрабуюць вербаваць літоўскіх чыноўнікаў ці палітыкаў. Раней гучалі папярэджанні пра імавернасць такога сцэнару для грамадзянаў Літвы, якія выязджаюць у Беларусь праз бязвіз.

«Ніхто не робіць ніякіх крокаў, каб абмежаваць бязвізавы выезд у Беларусь, што, на мой погляд, непараўнальна з нашымі інтарэсамі. Гэта ж матэрыял для вярбоўкі, гэта тыя людзі, якія могуць трапіць тым ці іншым спосабам да КДБ у Менску», – зазначыў літоўскі еўрадэпутат, дэлегацыя ў сувязях з Беларуссю Пятрас Аўштравічус.

Цяпер жа ў працаўнікоў Дэпартаменту дзяржаўнай бяспекі ўзніклі пытанні да некаторых прадстаўнікоў беларускай дыяспары, якая сёння налічвае больш за 60 тысячаў чалавек. Сітуацыю з магчымымі правакацыямі рэжыму кантралююць і дэмакратычныя сілы Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Літоўскае ВНЖ.
Фота: delfi.lt

«Трэба спакойна да гэтага ставіцца, адсочваць, маніторыць, правяраць людзей, якія трапляюць у колы палітычных структураў і арганізацыяў. Мы абменьваемся інфармацыяй з літоўскай дзяржавай, пра тое, што мы даведваемся, пра тое, што яны даведваюцца. Імкнемся запабягаць магчымым рызыкам, калі такія рызыкі з’яўляюцца, ці калі ёсць нейкія падазроныя камунікацыі ці ўкіды», – распавёў старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Узмацняць кантроль за грамадзянамі Беларусі ў Літве пачалі пасля поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Летась улады краіны ўвялі анкеты аб стаўленні да расейскай агрэсіі і аб прыналежнасці часова акупаванага Крыму для тых, хто прэтэндуе на ВНЖ або нацыянальныя візы. У выніку сотням чалавек адмовілі ў дазволе на жыхарства. Сёлета ж літоўскія палітыкі пачалі выступаць за аднолькавыя санкцыі супраць беларусаў і расейцаў. Але…

«Трэба адрозніваць. Гуманітарныя выпадкі – тут салідарнасць Літвы яна была, ёсць і яна застанецца, нягледзячы на будучыя абмежаванні, калі яны будуць», – запэўніў Віціс Юрконіс з Інстытуту міжнародных дачыненняў і палітычных навук Віленскага ўніверсітэту.

Раней з прапановай падтрымаць тых, хто вымушаны бегчы з Беларусі, выступала і міністарка ўнутраных справаў Літвы. Прынамсі яна прапанавала павялічыць тэрмін ВНЖ для замежнікаў з аднаго да трох гадоў. Аднак пакуль рашэння ў гэтым пытанні няма.

Ірына Юрʼева, «Белсат»