Дэмакратычныя сілы распрацавалі дарожныя мапы адраджэння Беларусі


У Беларусі цяпер адбываецца культурны генацыд, і з беларусаў паступова спрабуюць зрабіць адзін з народаў так званай «саюзнай дзяржавы» з Расеяй, спрабуюць русіфікаваць нас і пазбавіць будучыні – так сённяшні стан справаў акрэсліваюць у Аб’яднаным пераходным кабінеце. Хто вінаваты ў дыктатуры і вайне – вядома. Але што рабіць? Дэмакратычныя сілы вырашылі не толькі вярнуць народу права на дэмакратыю, але і распрацаваць план, як зрабіць з Беларусі заможную і свабодную еўрапейскую краіну з уласнай беларускай ідэнтычнасцю.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Мы знаходзімся на плошчы Канстытуцыі ў Варшаве. Менавіта тут у студыі Вітрына Дому Ўсходняга сёння адбылася прэзентацыя двух дакументаў, якія мусяць стаць падмуркам для стварэння новай свабоднай Беларусі. Гэта Канцэпцыя і Стратэгія нацыянальнага адраджэння і развіцця.

Адказнасць за дакументы бярэ на сябе Прадстаўніцтва ў нацыянальным адраджэнні Абʼяднанага пераходнага кабінету. Падчас распрацоўкі ўлічвалі досвед нашых суседзяў кшталту Польшчы, якую таксама перабудоўвалі паводле плану, напісанага ў выгнанні.

«Адзін дакумент распавядае, якія ў нас ідэалы і каштоўнасці, ідэі, закладзеныя ў нашым руху. А другі дакумент – тое, што мы канкрэтна хочам зрабіць, якія задачы выканаць, якія сродкі выкарыстаць», – тлумачыць беларускі філосаф, прафесар Польскай акадэміі навук Павел Баркоўскі.

«Прадмова» у Варшаве
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Павел Баркоўскі падчас адкрыцця фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Варшава, Польшча. 18 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

Ад сёння кожнаму беларусу дасяжны сайт «REVIVALBELARUS.ORG», дзе грунтоўна апісаныя Канцэпцыя і Стратэгія адраджэння Беларусі, а таксама дарожныя мапы – канкрэтныя пункты, у якой паслядоўнасці і што рабіць. Да распрацоўкі можа далучыцца кожны беларус – онлайн.

«Тая стратэгія, што мы падрыхтавалі, унікальная тым, што яна разнастайная, што мы не баімся крытыкі і да яе распрацоўкі мы запрашалі людзей з вельмі рознымі поглядамі і стараліся іх “пажаніць”, улічыць», – распавядае Аліна Коўшык, прадстаўніца ў справе нацыянальнага адраджэння (Абʼяднаны пераходны кабінет).

Усе планы падзеленыя на 4 этапы: падрыхтоўчы, пераходны, асноўны і – у перспектыве – у час устойлівага развіцця. Цяпер мы ў нулявой кропцы.

«І гэта нулявы – падрыхтоўчы этап, да моманту транзіту ўлады. Канцэпцыя разлічаная на 10 год. Адлік мы пачалі ад 2023 года, можаце яго весці ад сённяшняга дня. Адпаведна, гэтая канцэпцыя разлічаная на куды большы перыяд, чым 10 гадоў, але трэба нейкія аглядныя даты ў бліжэйшай перспектыве», – нагадвае Павел Баркоўскі.

Сілы на рэалізацыю знойдуцца – аўтары адзначаюць падтрымку партнёраў з палітычных арганізацыяў, дыяспары, нацыянальна арыентаванага бізнесу і ад замежных партнёраў, зацікаўленых у дэмакратычнай Беларусі.

Як кажуць стваральнікі дакументаў, каб народ стаў свабодным, багатым і шчаслівым, трэба стварыць у тым ліку і Беларускую Мару, не горшую за Амерыканскую Мару. Але каб дайсці да Мары, трэба дарожныя мапы.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»