Меркаванага ўдзельніка «эскадронаў смерці» апраўдалі ў судзе


Нечаканы вырак у справе меркаванага ўдзельніка «эскадронаў смерці». Суд швейцарскага кантону Санкт-Гален прызнаў Юрыя Гараўскага невінаватым. Мужчына заяўляў пра сваю датычнасць да выкраданняў і забойстваў вядомых апанентаў Аляксандра Лукашэнкі: Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Швейцарскі суд апраўдаў Юрыя Гараўскага, якога судзілі ў справе пра выкраданне палітычных апанентаў Лукашэнкі. Суддзя палічыў, што роля падсуднага ў гэтых злачынствах не ясная і што ён, магчыма, пачуў пра іх ад калегаў. Гараўскі заяўляў, што быў байцом СОБРу і браў удзел у выкраданні і ліквідацыі былога міністра ўнутраных справаў Захаранкі, былога кіраўніка Цэнтрвыбаркаму Ганчара і бізнесоўца Красоўскага. Інфармацыяй пра забойства аператара Завадскага Гараўскі не валодаў. Улады адказныя за гвалтоўныя знікненні, і гэтыя факты не павінныя выклікаць сумневу, цытуе словы швейцарскага суддзі «Нямецкая хваля».

«Гэта першая юрыдычная фіксацыя крымінальнага характару рэжыму Лукашэнкі, фіксацыя гэтых злачынстваў. Цяпер юрыдычна сцверджана, што гэтыя злачынствы былі і што ёсць канкрэтныя выканаўцы гэтых злачынстваў», – кажа Ілля Нузаў з Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека.

Гэтая справа стварае прэцэдэнт: беларускага грамадзяніна судзілі за межамі Беларусі паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі за меркаваны суўдзел у злачынствах рэжыму Лукашэнкі.

Юры Гараўскі пакідае будынак суду ў Швейцарыі.
Фота: Медыязона. Беларусь / Telegram

«На падставе гэтага швейцарскага прэцэдэнту мы будзем камунікаваць з адпаведнымі структурамі ў Літве, Польшчы, Нямеччыне, Чэхіі, ужо згаданай Швейцарыі, дзе, як мы лічым, павінныя распачацца справы для прыцягнення да адказнасці злачынцаў рэжыму Лукашэнкі на падставе ўніверсальнай юрысдыкцыі», – кажа  прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка.

Універсальная юрысдыкцыя дазваляе расследаваць пэўныя віды злачынстваў у любой краіне, незалежна ад таго, дзе яны здзяйсняліся тэрытарыяльна. Сярод такіх злачынстваў – катаванні, кажа юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк.

«Самае простае – гэта фізічнае збіццё чалавека з палітычных матываў з мэтай яго запалохаць, каб змусіць яго нешта зрабіць або не рабіць. Не ўдзельнічаць у выбарах, не галасаваць за пэўнага кандыдата, не імкнуцца абараніць свой голас», – тлумачыць Міхаіл Кірылюк.

Невыносныя ўмовы, якія ствараюцца для палітвязняў у калоніях, таксама адносяцца да катаванняў, тлумачыць юрыст. Паводле беларускага Крымінальнага кодэксу, пакаранне за гэтае злачынства – ад сямі гадоў зняволення да смяротнай кары. Тэрміну даўніны ў фактах катавання няма. То бок вінаватых могуць пераследаваць да канца іхнага жыцця.

«Я думаю, гэтыя людзі сапраўды перажывуць Лукашэнку. Яны значна маладзейшыя за яго. І тады будуць вялікія пытанні да іх – пры любой уладзе», – мяркуе Міхаіл Кірылюк.

Дачкі зніклых Алена Захаранка і Валерыя Красоўская будуць абскарджваць апраўдальны вырак Гараўскаму, заявіў іхны афіцыйны прадстаўнік у судзе.

Валянцін Васіленка, «Белсат»