Статыстыку планавай эканомікі будуюць на касцях рынкавай


На пятую частку ўпаў чысты прыбытак прадпрыемстваў, якія цалкам ці часткова належаць дзяржаве – рапартаваў «Белстат». Пайшлі долу рэнтабельнасць прадукцыі, экспарт з дзяржаўных прадпрыемстваў, колькасць гэтых прадпрыемстваў і адпаведна – занятых працаўнікоў. Вырас імпарт і выраслі даўгі. Усё гэта сведчыць пра паміранне рынкавай эканомікі, і будаванне на яе касцях – эканомікі планавай. Слабейшыя арганізацыі банкрутуюць. А як выжываюць мацнейшыя?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Чым больш прадаеш, тым больш зарабляеш: простая логіка, якая працуе на свабодным рынку. На беларускім рынку – бізнес-план складай, але заробіш не больш, чымся дазволіць дзяржава. Прадпрыемствы, якія цалкам або часткова ёй належаць, у першым квартале павялічылі выручку на 17,1 %, але чысты прыбытак скарацілі на 21,5  %. Бо вырас сабекошт, а магчымасць падымаць цэны – абмежаваная дзяржаваю, тлумачыць адмысловец у міжнароднай эканоміцы.

«Могуць быць падаткі, можа быць рынак працы. Могуць быць (кошты на – дап. рэд.) кампаненты. Дзяржава штучна не дае фірмам і прадпрыемствам, рынку і рынкавым механізмам працаваць так, як яны б мусілі працаваць», – пералічыў Алесь Чайчыц.

Самаадчуванне прадпрыемстваў – рознае, у залежнасці ад віду прадукцыі, попыту на яе ў краіне і магчымасцяў экспартаваць. На працягу года не выстаялі 118 арганізацыяў, што цалкам ці часткова належалі дзяржаве. Засталося 2757. Колькасць працаўнікоў скарацілася на 35 тысяч, калі параўнаць з першым кварталам летась.

«Гэта агульны трэнд на скарачэнне эканомікі, скарачэнне актыўнасці. Тое, што з краіны вымыты і вымываецца, так бы мовіць, чалавечы капітал. Менш людзей – меншая эканоміка. Менш арганізацыяў і прадпрыемстваў, якія існуюць. Канешне, таксама ёсць фактары кансалідацыі, аптымізацыі», – заўважыў Алесь Чайчыц.

Беларускі металургічны завод
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: БМЗ_life / Telegram

Сёння падзея на заводзе «Джылі», які збірае аўты кітайскага брэнду, і ўласнага – «БелДжы». Мадэльны шэраг менавіта беларускага брэнду папоўніў кросоўвэр «X-70», што замяняе кітайскі «Атлас». Раней выпусцілі «BG X-50» – адпаведнік бэйдж-інжынірынгавага дарэформеннага «Джылі Кулрэй».

«Значыць, гэта бессэнсоўна. Бессэнсоўна яго абмяркоўваць. Рашэнне прынятае на самым версе, як у нас прынята казаць, і абмеркаванню не падлягае», – кажа Аляксей Харкевіч.

Завод імкліва нарошчвае вытворчасць. Летась упершыню выйшаў і на планаваныя магутнасці ды нават перакрочыў іх – на восем тысячаў. У параўнанні з 2022 годам, калі аўтамабільны рынак прасеў, летась з канвееру выйшла амаль утрая больш аўтаў. А сёлета працаю на тры змены хочуць сабраць каля 75 тысячаў. Чэргі ў салонах перавышаюць паўгода.

«Я не хачу сказаць, што мы вяртаемся да менавіта савецкай мадэлі, але базавы механізм, я мяркую, складаецца ўжо цяпер. То бок гэта планавая эканоміка. Новая сістэма коштаўтварэння прадугледжвае, што ты вельмі абмежаваны ў магчымасцях. То бок фактычна рынак перафарматоўваецца на манаполію вытворцы. Колькі вытворца табе дасць, столькі ты і прадасі», – канстатуе Аляксей Харкевіч.

Рынак выцясняе аўтамабілі японскіх і заходніх марак. Аўты «БелДжы» таннейшыя, на іх набыццё можна атрымаць крэдыт ці ўзяць у лізінг.

Юлія Цяльпук, «Белсат»