Рэжым узмацняе тэлепрапаганду?


У Беларусі адкрыюць новы тэлеканал. Паводле выдання «Наша Ніва», ідэя з’явілася пасля Еўрапейскіх гульняў, тады Лукашэнку спадабалася трансляцыя падзеяў нон-стоп.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Цяпер гаворка пра стварэнне інфармацыйнага каналу – на ўзор «Euronews». На базе АТН – Агенцтва тэлевізійных навінаў «Белтэлерадыёкампаніі».

Аднак, паводле медыяэкспертаў, «Белтэлерадыёкампанія» мае праблемы з рэсурсамі.

«Шмат людзей пайшло пасля 2020-га года. І няшмат прыйшло. А тыя, што прыйшлі, не вельмі хочуць там працаваць. Няма рэсурсаў тэхнічных, няма фінансавых рэсурсаў», – кажа медыядаследніца, доктарка філалагічных навук Ірына Сідорская.

Фінансаванне згаданай «Белтэлерадыёкампаніі» расце, але павольна. Каля 130-ці мільёнаў рублёў – гэтулькі сёлета дае дзяржава на ўтрыманне ўсіх тэле- і радыёканалаў холдынгу. Імаверна, і новага медыя, якое нібыта плануюць запусціць першага верасня.

«Мяне вельмі здзівіла, што ствараецца навінавы канал. Гэта ж трэба мець гэтыя навіны. Гэта трэба, каб жыццё ў краіне віравала. Каб кожную секунду нешта адбывалася», – мяркуе Ірына Сідорская.

Тэлепрапаганда, аднак, мае пасылы, што знаходзяць водгук нават сярод апанентаў рэжыму.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. «Медыя-сметнік» у Віцебску. Фота ад гледача

«Гэтая прапаганда трапляе ў самую натуру беларусаў, якія пры гэтым могуць нават не любіць Лукашэнку, але прымаць тое, што ён за гэтыя два гады, напрыклад, не ўвёў войскі ва Украіну», – кажа медыяэкспертка Марыя СадоўскаяКамлач.

Уплыў тэлепрапаганды на беларусаў цяжка ацаніць дакладна: у краіне няма незалежнай сацыялогіі. Вядома, што сярод гледачоў пераважаюць людзі ў веку 55+. Моладзі адносна мала. Навіны АТН, ОНТ і СТВ у топ папулярных праграмаў не трапляюць.

Беларусы больш глядзяць расейскі інфармацыйны і забаўляльны кантэнт. Гэтыя праграмы тэлевізійнікі ставяць у прайм-тайм, калі людзей перад экранамі найбольш. Ці азначае гэта, што гледачы трапляюць пад уплыў крамлёўскай прапаганды?

«Ці тэлебачанне для іх – гэта адзіная крыніца атрымання навінаў? Ці азначае прагляд гэтых навінаў або шоу, што яны з гэтым згаджаюцца? Можа, некаторыя людзі глядзяць, каб проста ведаць, што цяпер у галаве ў Пуціна або Лукашэнкі», – мяркуе Марыя Садоўская-Камлач.

Тым часам АТН у сваім тэлеграме адрэагавала на навіну пра адкрыццё новага тэлеканалу. Налічыла ў ёй нібыта ажно восем фэйкаў і заклікала рыхтавацца да сюрпрызаў.

Валянцін Васіленка, «Белсат»