Найміты Вагнэра вяртаюцца з Беларусі ва Украіну


Брусель. Еўрапарламент. Тут сёння адбылася дыскусія аб перабыванні баевікоў групы Вагнэра ў Беларусі ды пагрозах краінам Еўразвязу, якія зыходзяць ад іх. Дэбаты ініцыяваў літоўскі еўрадэпутат Пятрас Аўштравічус і ягоная калега з Польшчы Анна Фатыга.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Інфармацыйная вайна – кампаньён такога тыпу дзеянняў. Група Вагнэра выкарыстоўвала яе ў Афрыцы, а таксама ў іншых справах. Яна ідзе разам з прапагандай Расеі ды яе дэзінфармацыяй. І гэта выразна бачна пасля смерці заснавальніка ПВК Вагнэра Яўгенія Прыгожына», – кажа Анна Фатыга.

Паводле прадстаўніка Усходняй групоўкі войскаў ЗСУ Іллі Еўлаша, былыя вайскоўцы групы Вагнэра падпісваюць кантракты з Міністэрствам абароны Расеі ды прыбываюць на вайну ва Украіну. У баявых дзеяннях найміты ўдзельнічаюць на розных пасадах. У тым ліку на інструктарскіх. Некаторыя ідуць у звычайныя баявыя падраздзяленні. Частка ж баевікоў адправіліся ваяваць у Афрыку. Гэта пацвярджае і арганізацыя «BYPOL».

«Калі на пачатку баевікоў тых самых каля 4000, а можа там і трохі болей, то цяпер мы бачым іх 200-300 і то па ўсей краіне. Таму ўсе астатнія, хто быў, яны з’ехалі з тэрыторыі Беларусі», – кажа кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў.

Інструктары з ПВК Вагнэра падчас сустрэчы з байцамі з 51-й артылерыйскай брыгады ў Асіповічах. Публікацыя ад 27 ліпеня 2023 года. Крыніца: Оркестр который знает весь мир / vk.com

Паводле Пятраса Аўштравічуса нават такая колькасць вагнэраўцаў перш за ўсё нясе пагрозу Беларусі:

«Лукашэнка яшчэ раз прадэманстраваў, што ён гатовы на любыя правакацыі. На любыя хады не гледзячы на цану, якую павінна плаціць гэтая краіна перад светам. Адгадаць, што ён зробіць заўтра, у прынцыпе немагчыма. Можна толькі сказаць, што вось восенню будзе бульба і ён пойдзе яе капаць. Дык вось гэта мы ведаем. А што ён зробіць з гэтай бульбай, застаецца высветліць».

Пры гэтым загінулы кіраўнік вагнэраўцаў Яўгеній Прыгожын працягвае лічыцца дырэктарам беларускай кампаніі «Канкорд менеджмент і кансалтынг», зарэгістраванай у Асіповіцкім раёне, дзе размясціўся лагер баевікоў. А цэнтр нацыянальнага супраціву Украіны заявіў, што рэжым Лукашэнкі вярбуе баевікоў групы Вагнэра для сваёй уласнай кампаніі «ГардСэрвіс». Тым, хто падпіша кантракты з гэтай арганізацыяй, абяцаюць даць кватэры без чаргі.

«”ГардСэрвіс” – гэта арганізацыя, якую ствараў Шэйман. Па розных ацэнках прыкладна ў 2019 годзе. І відавочна, што Лукашэнка вырашаў гэтай арганізацыяй свае асабістыя сямейныя задачы для забеспячэння аховы сваёй маёмасці за мяжой. І гэта вось, напэўна, тая задача, якая стаіць перад гэтай арганізацыяй», – кажа палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Паводле ж маніторынгавай групы тэлеграм-каналу «Беларускі Гаюн», у вёсцы Цэль пад Асіповічамі дэмантавалі шэсцьдзесят пяць адсоткаў намётавага лагеру вагнэраўцаў. З 292 намётаў на дзень 25 верасня засталося толькі 103. Павольна, але дэмантаж адбываецца.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»