Беспрацоўе: якія праблемы і перспектывы чакаюць Беларусь?


ІТ-сфера традыцыйна лічылася вельмі прывабнай у Беларусі: цікавыя праекты, перспектыўныя тэхналогіі, неблагія заробкі. Але цяпер беспрацоўе ў гэтай галіне перасягнула 5 %, болей за палову адмыслоўцаў не бачаць перспектываў, а амаль палова беларускіх айцішнікаў пакінула радзіму. Паводле даследавання, апублікаванага выданнем «dev.by», узровень беспрацоўя сярод айцішнікаў – антырэкордны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Людзі выязджаюць з-за асабістых справаў: небяспека, нежаданне працаваць, плаціць падаткі, – патлумачыў «Белсату» ІТ-адмысловец на ўмовах ананімнасці. – Ну, у асноўным гэта ўсё ж пытанне бяспекі. Гэта першая хваля. Але другая хваля пачалася з пачаткам вайны».

Гэтак, найбуйнейшая ІТ-кампанія ў нашай краіне «ЕРАМ Systems» за апошнія паўтара года страціла прыкладна палову штату. Адныя работнікі звольніліся і сышлі ў іншыя кампаніі, хтосьці рэлакаваўся.

Вядома ж, праблема беспрацоўя абвастрылася не толькі ў гэтай галіне. У Беларусі цяпер бракуе больш як 5300 аўтакіроўцаў, 4926 медыкаў, 2500 прадаўцоў. Прадпрыемствам і арганізацыям тэрмінова патрабуюцца і іншыя спецыялісты.

«Замяніць гэтых людзей няма кім, – канстатуе эканамістка Аліса Рыжычэнка. – Таму што, напрыклад, студэнты, якія цяпер навучаюцца ў Беларусі, – цалкам адэкватныя маладыя людзі. Яны назіраюць бягучую сітуацыю і разумеюць, якія перспектывы іх чакаюць».

Бягучую сітуацыю абмаляваў Белстат. Паводле яго, за першы квартал сёлета ўзровень беспрацоўя склаў 3,5 % працаздольнага насельніцтва. У сельскай мясцовасці без працы застаюцца 4,3 % працаздольных жыхароў, сярод гараджанаў – 3,3 %. Ёсць у беспрацоўя і гендарныя адрозненні: сярод мужчынаў не маюць сталага заробку 4,4 % і 2,5 % жанчын – афіцыйна неўладкаваныя.

Для таго каб выраўняць сітуацыю, неабходны цэлы комплекс глабальных доўгатэрміновых захадаў, адзначыла Аліса Рыжычэнка.

«Пачынаючы з адукацыі і заканчваючы свабоднымі, дэмакратычнымі ўмовамі для працоўных. Неабходныя свабодныя прафсаюзы, дастойная заработная плата, усталяванне законнасці, незалежнай судовай сістэмы. Бо калі ў нас ёсць незалежныя прафсаюзы – гэта добра. Але калі ў нас не будзе незалежных судоў – ніякі незалежны прафсаюз нам не дапаможа».

Парк высокіх тэхналогіяў. Менск, Беларусь.
Фота: БелТА / belta.by

А вось выцягнуць беларускую ІТ-галіну можа Расея, – мяркуе ананімны ІТ-адмысловец. – Яны там пазабанівалі гэтыя ўсе Тэлеграмы, Фэйсбукі… І вельмі шмат там адкрылася прасторы для таго, каб свой уласны софт ствараць. І таму яны будуць так ці інакш, наўпрост ці ўскосна нейкія замовы ў Беларусь кідаць».

Выйсцем для беларускай эканомікі могуць стаць працоўныя мігранты. Акурат 1 ліпеня набудуць моц змены ў адпаведны закон, якія маюць спрасціць працаўладкаванне замежнікаў.

Марына Яновіч, «Белсат»