Першы беларускі самалёт будзе каштаваць каля 6 мільёнаў долараў


Беларускі аўтамабіль, беларускі ноўтбук, а цяпер і самалёт. 558-ы Авіярамонтны завод у Баранавічах усё ж будзе выпускаць лёгкія турбавінтавыя самалёты. Нават вядомы прыкладны кошт – каля 6 мільёнаў долараў. Ці будзе гэта паспяховым праектам для Беларусі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Самалёт ЛМС-192 «Асвей» – лёгкі турбавінтавы, прызначаны для грамадзянскай авіяцыі – будуць збіраць у Баранавічах паводле распрацовак Уральскага заводу грамадзянскай авіяцыі. Сваю працу 558-ы Авіярамонтны завод падзяліў на два этапы: удзел у распрацоўванні доследнага ўзору і серыйны выпуск гэтых самалётаў.

«Шматмэтавы самалёт: для дэсантавання – выкіду парашутыстаў, для санітарных службаў, для МНС, для грузаперавозкі, вядома. Ён яшчэ мець магчымасць перастаноўкі на паплаўковае шасі, то бок ён будзе садзіцца на ваду», – зазначыў галоўны інжынер 558-га Авіярамонтнага заводу Андрэй Турчын.

Паводле характарыстыкаў, самалёт «Асвей» адносіцца да лёгкіх турбавінтавых самалётаў. Ён будзе прызначаны для транспартавання як пасажыраў, гэтак і грузаў на кароткія і сярэднія адлегласці. Але з яго вырабам могуць паўстаць складанасці.

«Заўсёды праблемы з савецкімі і расейскімі самалётамі ўпіраліся ў рухавікі. Вось гэты рухавік ВК-800, які плануюць паставіць на гэты самалёт, яго пачалі распрацоўваць яшчэ ў 1998 годзе, і дагэтуль ён не ўстаноўлены ні на адзін самалёт», – кажа авіяцыйны эксперт Валерый Раманенка.

І сам партнёр у распрацоўванні – Уральскі завод грамадзянскай авіяцыі, – на думку Валерыя Раманенкі, таксама можа падвесці:

«Уральскі завод толькі-толькі праваліў праграму выпуску Л-410 чэшскіх самалётаў, яны павінныя былі выпусціць 20 самалётаў у гэтым-мінулым годзе – выпусцілі 0. То бок партнёр такі сабе, вельмі небяспечны партнёр».

З беларускага ў так званым беларускім самалёце будзе толькі назва – у гонар Асвейскага возера – і корпус, кажа авіяаматар Ігар Кулей:

«Гэта не беларускі самалёт, ён будзе збірацца тут, будуць фюзеляжы, корпусы рабіцца ў Беларусі. Па гэтым міжурадавым пагадненні не меней за 178 корпусаў будзе зроблена ў Беларусі, але ні рухавікі, ні электроніка, нічога іншага не будзе рабіцца ў Беларусі. Усё астатняе будзе рабіцца на заводах у Расеі і прывозіцца ў Беларусь».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Самалёт у парку «Белавія».
Фота: holiday.by

Паводле аналагічнай – адвёртачнай – схемы, працуе прадпрыемства «Джылі», калі на нашай тэрыторыі з кітайскіх камплектавальных збіраюцца нібыта беларускія аўтамабілі. Але, у адрозненне ад «Джылі», з продажам самалётаў праблемаў быць не павінна. «Асвей» ужо чакаюць замоўцы ў Сібіры і на Далёкім Усходзе.

«У Расеі ёсць дзяржаўная праграма развіцця авіяцыі да 2030 года. Там прапісана, якія кампаніі хочуць купіць, то бок ужо ёсць перадзамова, і гэтыя кампаніі ўжо пачынаюць званіць нам і запытваць: а калі паглядзець можна будзе?» – адзначыў Андрэй Турчын.

Кошт, са словаў Турчына, будзе канкурэнтаздольны, у якасці арыенціру ён прывёў чэшскі L-410, які каштуе 6 з нечым мільёнаў долараў. На думку авіяэксперта Ігара Кулея, для Беларусі гэта выгадны праект, бо мы маем вольныя магутнасці:

«Лукашэнка ўсё жыццё марыў яшчэ з 90-ых, што ў яго будзе самалёт. Гэта ягоная была мара. Я памятаю, яшчэ на БТ паказвалі мадэль самалёта, якую нібыта будуць у нас выпускаць. Так і не змаглі тады гэта рэалізаваць», – згадвае журналіст, авіяаматар Ігар Кулей.

Акрамя масавага выпуску самалётаў, Баранавіцкі авіярамонтны завод збіраецца пастаўляць кампаненты для расейскіх самалётаў і працягваць сваю асноўную дзейнасць – рамонт і мадэрнізацыю вайсковай тэхнікі. Менавіта за рамонт расейскіх верталётаў, задзейнічаных на вайне ва Украіне, 558-ы Авіярамонтны завод у Баранавічах трапіў пад амерыканскія санкцыі.

Аліна Скрабунова, «Белсат»