Еўразвяз абмяжоўвае продажы аўтаў у Беларусь


Еўразвяз прыкрывае маршруты транспартавання ў Расею новых і патрыманых аўтамабіляў. Маршруты ляжаць праз краіны Еўразійскай эканамічнай прасторы, у тым ліку Беларусь. Легкавікі стаяць у чэргах на пераходах у Латвіі і Польшчы. Пастаўнікі кажуць, што могуць страціць да 30 % свайго прыбытку. «Гарантуйце, што аўта ў выніку не трапіць на расейскія дарогі», – кажуць памежнікі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На латвійскай і польскай мяжы не прапускаюць сотні аўтамабіляў, што ехалі на продаж у краіны Еўразійскай эканамічнай прасторы. Абмежаванне дзее ўжо 4 дні і застанецца прынамсі да 1-га красавіка, калі абвесцяць яго далейшы лёс. Цяпер памежнікі спасылаюцца на рэгламент Еўрапейскай Рады 2014 году:

«Забаронена прадаваць, пастаўляць, перадаваць або экспартаваць наўпрост ці ўскосна прадметы раскошы любой фізічнай або юрыдычнай асобе, арганізацыі або органу ў Расеі, або для выкарыстання ў Расеі, а таксама надаваць любыя паслугі, звязаныя з такімі пастаўкамі».

Пасля прынятага напярэдадні 13-га пакета санкцыяў, у рэгламент унеслі папраўкі: за спробы абыходу санкцыяў пагражае канфіскацыя тавараў ці нават турэмнае зняволенне.

«Мытнікі патрабуюць, каб пастаўнікі паказалі ім дакументы, што гэтыя машыны не будуць потым перапрададзеныя ў Расею. Гэта раз. А другое, каб у гэтых пастаўнікоў былі дакументы вытворцаў аб тым, што вытворцы не супраць, каб гэтыя машыны прадалі ў Беларусь, Казахстан, Кыргызтан», – кажа журналіст-расследавальнік «Бюро» Аляксандр Ярашэвіч.

І ў іншыя краіны, якія Расея выкарыстоўвае ў якасці пракладак на атрыманне «санкцыёнкі». Летась у снежні журналісты «Бюро» апублікавалі расследаванне, якое выкрывае шэрыя маршруты і схемы продажаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтамабілі Skoda на паркоўцы дылера. Менск, Беларусь. 24 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

«Беларускія фірмы карыстаюцца гэтай шчылінай. Паколькі ім дазволена закупляць машыны, яны завозяць іх у Беларусь і перапрадаюць у Расею», – падкрэслівае Аляксандр Ярашэвіч.

У Расею з Еўразвязу могуць трапіць толькі аўты з рухавіком да двух літраў. Але з Беларуссю гэтыя абмежаванні не сінхранізаваныя. Агулам каля трох тысячаў найменняў тавараў з Еўропы трапляюць праз Беларусь на расейскі рынак. Найбольшы абарот менавіта ў аўтамабіляў у тым ліку пазадарожнікаў, якія расейцы потым могуць выкарыстоўваць на вайне. Калі ў 2021 годзе з Еўразвязу ў Беларусь паставілі аўтамабіляў на € 0,3 млрд еўра, то ў 2022 годзе аб’ёмы павялічыліся амаль у 4,5 разы (да амаль € 1,5 млрд). І летась выраслі да € 2,4 млрд.

Калі пасля 1 красавіка забарону на ўвоз замацуюць – кошты на еўрапейскія аўтамаркі ў Расеі і Беларусі могуць вырасці на чвэрць.

«Тое, што заблакавалі мяжу прынамсі з польскага боку, з латвійскага, і праз абмежаваны пропуск на Літоўскіх пераходах – трэба будзе выбудоўваць іншыя ланцужкі паставак, што за сабою пацягне новыя выдаткі. Бо гэта ж лагістыка», – кажа фінансіст і эканаміст Віталь Алейнік.

Вось толькі як падняць цэны ў Беларусі, калі іх рэгулюе пастанова № 713? Акурат сёння Беларуская аўтамабільная асацыяцыя прапанавала ўраду вызваліць легкавыя аўтамабілі з-пад рэгулявання. Дылеры спаслаліся на праблему канкурэнтаздольнасці: кошты на аўтамабілі «Белджы» – рэгуляваныя, і нізкія. Іншыя дылеры мусяць на іх раўняцца, каб прадаць свае маркі.

«Сітуацыя нават у “Белджы” склалася такім чынам, што ім трэба падвышаць кошты на сваю прадукцыю, а ўжо рынак за імі пойдзе. Але самой кампаніі цяжка пра гэта заяўляць пад час візітаў, што “мы вось не можам не падняць цэны”», – кажа Віталь Алейнік.

Эксперт лічыць, што пра саступкі ўрад просіць менавіта «Белджы», хаваючыся за спінаю іншых сябраў аўтамабільнай арганізацыі. Бо калі і адпускаць коштаўтварэнне, то пачынаючы з заціснутага заканадаўствам беларускага вытворцы.

Юлія Цяльпук, «Белсат»