Светлагорскаму цэлюлозна-кардоннаму камбінату выпісалі штраф


«Фэйкам» назвалі на Светлагорскім цэлюлозным камбінаце інфармацыю пра больш як трохмільённы штраф прадпрыемству за нанясенне шкоды навакольнаму асяроддзю.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Да прадпрыемства нядаўна ў судовым парадку ўжылі штрафныя санкцыі за нясвоечасовае афармленне прыродаахоўных дазвольных дакументаў у сувязі з заканчэннем тэрміну дзеяння папярэдніх», – паведамляецца на сайце Светлагорскага ЦКК.

Інфармацыя з банку судовых пастановаў сведчыць, што штраф на 3 341 758 рублёў, ці каля мільёна долараў у эквіваленце, прызначаны менавіта за шкоду навакольнаму асяроддзю. Хоць і не паведамляецца, што менавіта пацярпела і хто выставіў прадпрыемству пазоў.

«Але людзі, што жывуць у Светлагорску, абсалютна, на сто адсоткаў упэўненыя, што сапраўды пакаралі за тое, што яны наносяць вялікую шкоду навакольнаму асяроддзю. Кожнага дня дзеці скардзяцца, што ў першай палове дня адчуваюць гэтыя моцныя пахі, а ў другой палове пачынаецца моцны галаўны боль», – кажа былая жыхарка Светлагорску, праваабаронца Алена Маслюкова.

Юрыдычна штраф прадпрыемству мог быць сапраўды за нясвоечасова аформленыя паперы, патлумачыў нам на ўмовах ананімнасці эколаг. Калі, да прыкладу, прадпрыемства не атрымала або не працягнула дазвол на нейкія выкіды і цягам года працавала без гэтага дакументу.

«І ім потым лічаць: не было дазволу, значыць, увесь год выкідалі абсалютна незаконна ваш танаж валавы. Фактычна нічога не змяняецца, ці была б у іх паперка ці не – шкоду навакольнаму асяроддзю адну і тую ж яны наносяць», – патлумачыў эколаг.

Паводле найбольш актуальных звестак у адкрытым доступе, за 2021-шы год чысты прыбытак цэлюлознага камбінату складаў 9 мільёнаў 12 тысяч рублёў. Цяперашні штраф разам з дзяржаўным мытам склаў больш за тры мільёны рублёў – траціну такога прыбытку.

«Фактычна яны плацяцца з чыстага прыбытку. То бок гэта не не асноўны від дзейнасці, які можна разбавіць затратамі. Гэта чыстая страта для прадпрыемства, тыя сродкі, якіх яны не змогуць выкарыстаць для далейшага свайго развіцця», – кажа эканаміст Аляксей Харкевіч.

А грошы прадпрыемству вельмі патрэбныя – між іншага, на аплату крэдытаў кітайскім банкам, у іх узялі 654 мільёны з васьмісот пяцідзесяці мільёнаў агульнага кошту праекту. Кітайская кампанія «China CAMC Engineering Co» паводле ўказу Лукашэнкі і будавала завод беленай цэлюлозы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Светлагорскі ЦКК.
Фота: belta.by

«Кітайцы так і не завяршылі гэтага праекту, завяршалі яго беларусы. Была разарваная дамова з кітайскай карпарацыяй «САМСЕ», якая ад пачатку будавала гэты праект. Звесткі не разгалошваюцца: што менавіта не выканаў кітайскі бок, на чым палягалі парушэнні першапачатковых дамоўленасцяў», – кажа Аляксей Харкевіч.

Пра тое, што новы камбінат будзе шкодны для навакольнага асяроддзя, светлагорцы і актывісты казалі яшчэ ад моманту будаўніцтва. Тады супраць праекту жыхары Светлагорску сабралі больш за 10 тысяч подпісаў.

«Мы афіцыйна казалі пра тое, што гэты завод недасканалы ў сваёй тэхналогіі, ён не выйдзе на поўную магутнасць, што выкіды будуць пастаянна і што гэта будзе наносіць шкоду і навакольнаму асяроддзю, і людзям», – узгадвае Алена Маслюкова.

Распачаў працу завод у 2017 годзе, з другой спробы. І адразу ж пачаліся скаргі ад жыхароў на смурод ад прадпрыемства і на праблемы са здароўем. А з моманту поўнага ўвядзення ў эксплуатацыю здарылася некалькі выбухаў са смерцямі працаўнікоў – дзве асобы загінулі падчас аварыяў у 2020-м. Сёлета ў чэрвені загінулі яшчэ трое работнікаў, двое атрымалі пашкоджанні.

Лукашэнка ж па-ранейшаму мае планы на гэтае прадпрыемства. На мінулым тыдні Светлагорскі цэлюлозны камбінат ён прывёў як прыклад стратэгічнага праекту. Паколькі прадпрыемства дзяржаўнае, то прызначаны судом штраф яно, безумоўна, выплаціць, лічыць дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой, доктар Яраслаў Кот:

«У нас вельмі любіць дзяржава ўвозіць нейкія залікі-перазалікі, натуральныя абмены і гэтак далей. Гэта выкарыстоўвацца будзе як магутны козыр, каб нейкія рэформы правесці».

Увогуле ж без закрыцця і перапрафілявання заводу не абысціся, пэўныя нашыя суразмоўцы. Інакш смурод і шкода для людзей і асяроддзя застануцца.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»