Яшчэ адзін крок зрабілі да русіфікацыі


Закон «Аб мовах» зрабіў чарговы крок да русіфікацыі. Пра гэта кажуць фармулёўкі. Напрыклад, змянілася назва артыкулу 21. Было прапісанае права на выхаванне і атрыманне адукацыі на нацыянальнай мове, а цяпер – на дзяржаўных мовах.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэтая змена фармулёвак, як і ўсе іншыя дзеянні нашай улады, вядуць да таго, каб знішчыць нацыянальнае, калі яно абазначае беларускае», – лічыць філолаг, выкладчыца Універсітэту Марыі Складоўскай-Кюры ў Любліне Наталля Русецкая.

Асабліва закон закрануў беларускую мову ў сістэме адукацыі, дзе цяпер кіраўнікі не мусяць валодаць беларускай мовай. Педагогам гэты абавязак пакінулі.

«Мне здаецца, што папросту ўлада так дзейнічае: патрошкі-патрошкі адсякае гэты хвост кату. Невядома, ці была б нейкая рэакцыя, калі б адразу ўсім дазволілі не валодаць. У цяперашніх умовах я маю вялікі сумнеў», – лічыць Наталля Русецкая.

Затое ў школах хочуць падвысіць «патрыятызм і духоўна-маральныя якасці дзяцей». Міністэрства адукацыі ўвядзе новыя факультатывы: «Святыні роднага краю» і «Духоўная спадчына Беларусі».

«Насамрэч спадчыну вучыць, канешне, трэба. І ведаць трэба, і пачынаць гэта трэба ў пачатковай школе і працягваць – гэта вельмі добрае пачынанне», – мяркуе рэпетытарка і былая настаўніца Ганна Саламонава.

Мы запыталі думкі нашых гледачоў. З больш як тысячы рэспандэнтаў (16 адсоткаў) лічаць, што такія факультатывы даўно трэба было ўвесці, 5 адсоткаў упэўненыя, што гэта дзецям увогуле не патрэбна. Але большасці ідэя падабаецца, толькі вось ёсць сумнеў у якасці рэалізацыі, асабліва пры цяперашняй уладзе.

«Абавязкова патрэбныя гэтыя дысцыпліны. Неабходна ведаць сваю правільную гісторыю».

«На добраахвотнай аснове магчымыя любыя факультатывы. А калі гэта “абязалаўка” і 8-м урокам, як часта бывае, то навошта?»

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Факультатыў «Святыні роднага краю» ўводзяць для 9 і 10 класаў, то бок на 2 гады. «Духоўная спадчына Беларусі» працягнецца год для 6 класаў. Заняткі будуць адбывацца раз на тыдзень і цягнуцца гадзіну.

«Калі ж гэта будзе нешта тыпу таго, што праводзілася заўсёды: на паперы адно, настаўнік праводзіць іншае, напрыклад, не паспелі па расейскай мове тэму прайсці – на факультатыве праходзім… Калі гэта будзе так, то, канешне, карысці ў гэтым няма», – упэўненая рэпетытарка і былая настаўніца Ганна Саламонава.

Вядома, што на факультатыве «Святыні роднага краю» распавядуць пра стварэнне канфесіяў, пра беларускіх святых, храмы і іншыя помнікі. А «Духоўная спадчына Беларусі» закране перыяд ад пачатку 9-га стагоддзя да 1569 года, калі ў выніку Люблінскай уніі паўстала Рэч Паспалітая.

«Мы бачым такую спробу стварэння беспраблемнага наратыву беларускай гісторыі за кошт выключэння такіх перыядаў – Рэчы Паспалітай і Расейскай імперыі», – лічыць сацыёлаг, гісторык інстытуту «Палітычная сфера» Аляксей Ластоўскі.

Тым не менш у праграме ёсць вывучэнне этнакультурнай спадчыны Беларусі, вызначэнне старабеларускай і беларускай мовы як асновы беларускага народу. Факультатывы – заняткі добраахвотныя. Але экспертка ў галіне адукацыі Святлана Мацкевіч называе іх хутчэй добраахвотна-прымусовымі.

«Прыгожыя словы не адмяняюць дзейных установак у Міністэрстве адукацыі наконт ідэалагічнага кантролю. Не трэба спадзявацца на тое, што гэта быццам нейкі крок наперад», – кажа незалежная экспертка ў галіне адукацыі Святлана Мацкевіч.

Між іншым, у рамках заняткаў да дзяцей будуць прыходзіць пісьменнікі, мастакі, паэты і святары.

Яна Шэк, «Белсат»